Ярмошына: ЦВК займаецца падрыхтоўкай «рэферэндуму»
- 2.04.2018, 11:27
Папраўкі ў выбарчае заканадаўства будуць унесеныя ўжо пасля правядзення «рэферэндуму».
Падрыхтаваць «рэферэндум» можна за 70 дзён, а пройдзе ён за пазабюджэтныя сродкі. Пра гэта tut.by заявіла кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына ў кулуарах «палаты прадстаўнікоў».
Кіраўніца ЦВК не распавяла, аб якіх магчымых зменах канстытуцыі ідзе гаворка, але ўдакладніла, што займацца пытаннем будзе ў асноўным Канстытуцыйны суд, а Цэнтральная выбарчая камісія будзе рыхтаваць рэферэндум, бо большасць раздзелаў Канстытуцыі можа быць зменена толькі на рэферэндуме.
Ярмошына паведаміла, што тэхнічна правядзенне «рэферэндуму» праблемы не нясе - яго можна арганізаваць за 70 дзён. Яна ўдакладніла, што калі «рэферэндум» будзе арганізаваны, то пройдзе ён за пазабюджэтныя сродкі - на рахунак ЦВК будуць пераводзіць сродкі прадпрыемствы і фізічныя асобы. Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра невялікія сумы «у 3-4 разы меншыя, чым на правядзенне выбараў», бо грошы патрэбныя толькі на друк улётак і працу выбарчых камісій цягам тыдня.
Ярмошына таксама дадала, што падрыхтаваныя папраўкі ў выбарчае заканадаўства будуць разглядацца ўжо пасля правядзення «рэферэндуму».
Лідзія Ярмошына таксама распавяла, што пакуль не вызначана і разгледжаныя праблемы «2019-2020» - гэта значыць развядзенне ў часе прэзідэнцкіх і парламенцкіх «выбараў». «Гэтае пытанне я буду ставіць восенню», - адзначыла яна.
Распавядаючы пра тое, як будзе фармалізавацца такая пастанова, яна адзначыла, што калі гаворка пойдзе аб правядзенні датэрміновых выбараў прэзідэнта, пытанне будзе разглядаць парламент, калі не парламента - то гэтае пытанне будзе разглядаць Лукашэнка. Прычым распускаць «парламент» пры пераносе тэрмінаў выбараў не спатрэбіцца, запэўніла кіраўнік ЦВК.
«Перастаньце слухаць ахінею, якую прамаўляюць некаторыя нашы эксперты! Гэта абсалютна не датэрміновыя «выбары» і не роспуск «парламента» - гэта змена тэрмінаў правядзення кампаніі. Працэдура роспуску «парламента» - зусім іншая», - удакладніла яна.