BE RU EN

Маці школьніцы са Смаргоні: Яна не першы раз ставіць на месца вядоўцаў

Эпізод з беларускай дзяўчынкай і Максімам Галкіным не быў пастаноўкай.

11-гадовая Наста Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расейскі Першы канал паказаў ейны выступ у адным з тэлешоў. Вядоўца Максім Галкін прадставіў Насцю як музыку з «Белоруссии», на што атрымаў ад дзяўчынкі адпор.

«Правільна казаць «з Беларусі», - патлумачыла яму дзяўчынка. «Насця з СмОргани», - спрабаваў ціснуць Галкін. «Са СмАргоні», - зноў паправіла яго беларуска.

Ролік імгненна стаў вірусным, яго распаўсюдзілі ўсе асноўныя беларускія сайты. «Радыё Свабода» даведалася, што Насця Ванеева ўжо пяць гадоў займаецца цымбаламі ў смаргонскай мастацкай школе імя Агінскага.

«Яна яшчэ на рэпетыцыі яго паправіла, - распавядае маці Насты Юлія Саладкевіч. - Гэта не было пастаноўкай. Імправізацыя. Насця пачала яшчэ перад выступам папраўляць, а ён усё адно «Белоруссия» сказаў. Ну вось яна яго зноў надумала паправіць».

Мама Насты кажа, што шоў наогул было максімальна набліжанае да выступу на канцэрце. Насця ўпершыню бачыла спявачку, з якой даводзілася выступаць. Імправізавала не толькі ў дыялогах з Галкiным, але і ў музычным плане.

«Насцю проста ўбачылі ў інтэрнэце, патэлефанавалі нам, запрасілі паўдзельнічаць, - прадаўжае Юлія Саладкевіч. - Цяпер я чытаю водгукі на расейскіх сайтах, там пішуць, што яна ганарыстая, самаўпэўненая... Напраўду Насця сціплая, у яе заніжаная самаацэнка. Яна стаяла там за заслонай, баялася вельмі. Гэта толькі так здаецца, што яна такая дзёрзкая. Магчыма, проста такая ахоўная рэакцыя. Вось вы мне расказваеце пра тое, што ў інтэрнэце станоўчыя водгукі, але на расейскіх сайтах іншыя».

Насця, акрамя цымбалаў, таксама захапляецца маляваннем і лепкай, у школе вучыцца выключна на «выдатна». «У яе працоўны дзень цяжэйшы, чым у дарослых, - кажа мама Насты. - Часам нават паесці не стае часу. Усё подбегам, подскакам».

Юлія Саладкевіч таксама распавядае, што ейная дачка не першы раз удзельнічае ў тэлевізійных шоў. Раней ездзіла ва Украіну, дзе таксама вучыла вядучых прамаўляць назву сваёй краіны правільна.

«Чаму яна Галкіна надумала паправіць? Ну, у нас жа краіна называецца Рэспубліка Беларусь, - кажа Юлія Саладкевіч. - Таму «Белоруссия» рэжа вуха. І Настассі таксама. Яна ўжо не ўпершыню так робіць. Былі ва Украіне на тэлешоў «Круче всех», там таксама выпраўляла, яшчэ на рэпетыцыі. Але ўкраінцы адразу выправіліся, і больш «Белоуссия» не казалі. А вось у Расеі надумалі пакінуць».

Апошнія навіны