BE RU EN

Перамога: Рэстарацыя выплаціць афіцыянту з Гомеля $2500

Прафзвяз РЭП абараніў у судзе маладога спецыяліста.

Незалежны прафзвяз РЭП абараніў у судзе інтарэсы сябра прафзвязу: наймальнік абавязаны выплаціць афіцыянту Арцёму Касілаву сярэдні заробак за прагул з віны наймальніка за тэрмін... 19 месяцаў.

2 красавіка суд Савецкага раёна Гомеля пазбавіў Арцёма Касілава ад неабходнасці вяртаць каледжу сродкі за навучанне: згодна з пастановай суда, наймальнік выправіць запіс у працоўнай кніжцы, з чаго будзе вынікаць, што малады спецыяліст усё ж адпрацаваў размеркаванне, піша praca-by.info.

Але акрамя змены даты звальнення са жніўня 2016 года на люты 2018, афіцыянт атрымае яшчэ і грошы: сярэдні заробак за 19 месяцаў, пачынаючы са жніўня 2016 года. Разам са штрафам сума склала 4 818 рублёў.

Інтарэсы Арцёма Касілава, сябра прафзвязу РЭП, у судзе прадстаўляў прававы інспектар працы Гомельскай вобласці юрыст Леанід Судаленка:

- Практыка нашага прафзвязу ведала выпадак спагнання сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу за 11 месяцаў. Сёння мы палепшылі практыку: суд спагнаў сярэдні заробак на карысць рабочага за вымушаны прагул за 19 месяцаў або 600 дзён.

Юрыст патлумачыў, што, на ягоную думку, было галоўным у гэтым працэсе:

- І хоць пастанова суда пакуль у законнае дзеянне не ўвайшла, я ўпэўнены: яна застанецца такой, нават калі будзе касацыйная скарга. У гэтай справе мы змагаліся нават не за грошы. Галоўным было зняць матэрыяльныя прэтэнзіі ўстановы адукацыі, дзе сябра нашага прафзвязу, які атрымаў рабочую спецыяльнасць. У нас гэта атрымалася, няхай цяпер наймальнік думае, як урэгуляваць прэтэнзіі, звязаныя з кампенсацыяй дзяржаве выдаткаў на навучанне маладога спецыяліста, звольненага з працы ў перыяд адпрацоўкі.

Апошнія навіны