Расейскага актывіста дэпартавалі з Беларусі праз удзел у Дні Волі
- 2.04.2018, 10:55
Руслану Канавалаву забаранілі ўезд у краіну цягам пяці гадоў.
Актывіст Руслан Канавалаў быў у ліку тых рэгіянальных актывістаў, якіх міліцыянты затрымалі 25 сакавіка, каб не дапусціць іх удзелу ў святочным мітынгу і канцэрце ў Менску, прысвечанаму 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, піша сайт orsha.eu.
Руслан Канавалаў нарадзіўся ў Краснаярску - адтуль і расейскае грамадзянства, але большую частку жыцця пражыў у Воршы. Тут ён у свой час узначальваў Моладзь Беларускага Народнага Фронту.
Затрымалі ж Канавалава ў Баранавічах, дзе апошнім часам жыў і працаваў. Прыблізна тры дні нічога не было вядома пра ягоны лёс. Высветлілася, што ён на чатыры дні пратэрмінаваў неабходную для грамадзян іншых краін працэдуру - трэба раз на тры месяцы ездзіць у краіну свайго грамадзянства, а Руслан грамадзянін Расеі.
Увечары ў пятніцу ў суправаджэнні двух міліцыянтаў Канавалава даставілі на тэрыторыю Расеі, забараніўшы вяртанне ў Беларусь цягам пяці гадоў. У Воршы з ім змаглі сустрэцца мясцовыя дэмакратычныя актывісты, якія перадалі некаторыя рэчы, якія ён пакінуў у Воршы.