BE RU EN

«Дармаеды» падключылі да сваёй барацьбы ААН

У ААН паступілі яшчэ тры звароты з Магілёва.

Алег Аксёнаў, Алег Мяцеліца і Станіслаў Паўлінковіч надумалі судзіцца з Рэспублікай Беларусь на міжнародным узроўні.

Удзельнікі вясновых пратэстаў 2017 года наважылі абскардзіць пастанову беларускіх судоў у Камітэце правоў чалавека ААН, піша магілёўская «Вясна».

Лідар магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў быў адным з заяўнікаў «Марша недармаедаў» 15 сакавіка 2017 года. Каб не дапусціць удзел палітыка ў акцыі пратэсту, суд Ленінскага раёна за дзень да акцыі пастанавіў адправіць мужчыну на 15 дзён у ізалятар часовага ўтрымання. Фармальна прычынай для арышту Аксёнава стала арганізацыя незаконнага масавага мерапрыемства - папярэдняга Маршу абураных беларусаў 19 лютага 2017 года.

12 дзён за ўдзел і выступ на магілёўскай акцыі супраць падатку на «дармаедства» атрымаў бізнэсовец з Бялынічаў Алег Мяцеліца.

Магілёвец Станіслаў Паўлінковіч свой тэрмін за ўдзел у пратэстах мітынгу адбываў у Менску, куды ён адправіўся на святкаванне Дня Волі-2017. Суд пакараў яго 5 днямі арышту.

У падрыхтоўцы ўсіх трох скаргаў актывістам дапамагаў праваабаронца Барыс Бухель, які адзначае стратэгічную важнасць зваротаў у Камітэт правоў чалавека ААН:

- Законы дзяржавы павінны адпавядаць міжнароднаму заканадаўству. Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім свабода мірных сходаў - адная з асноўных. Аднак у Беларусі гэтая свабода часцяком абмяжоўваецца, прычым без усялякіх на тое прычын. Абскарджаннем пастановы дзяржавы на міжнародным узроўні мы дэманструем, што гэта не грамадзяне парушылі закон, а ўлады, - распавёў праваабаронца.

Раней з Камітэта прыйшло паведамленне аб рэгістрацыі першых двух скаргаў, якія былі накіраваныя яшчэ ў канцы снежня 2017 года.

Апошнія навіны