Леў Марголін: А лепш за ўсё знайсці скарб, каб адразу ў «дамкі»
- 2.04.2018, 9:53
Чаму асетр і чорная ікра не выратуюць беларускую эканоміку.
Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы прапануе вырабляць не менш за 2-3 тоны чорнай ікры на год для ўнутранага выкарыстання і на экспарт. Хто ў Беларусі можа дазволіць сабе купляць чорную ікру коштам 145 рублёў за 50 грам і хто купіць яе за мяжой, журналісты «Заўтра тваёй краіны» запыталіся ў эканаміста.
- Ёсць такі шырока распаўсюджаны падман, што калі сярэдні ўзровень дабрабыту ў краіне нізкі, то і багатых людзей наогул няма. Напраўду гэта не так. Нават у самай беднай эканоміцы заўсёды ёсць ад 2 да 5% заможных людзей, якія могуць сабе дазволіць купляць, у тым ліку і чорную ікру, - мяркуе эканаміст Леў Марголін. - Але тут трэба зрабіць акцэнт на другой частцы выказвання, што яе можна пастаўляць на экспарт і атрымліваць за яе валюту. Мары, надзеі, але ці наканавана ім спраўдзіцца, я сумняваюся.
- Найбольш складана наладзіць эканоміку ведаў, эканоміку інвестыцый, для іх трэба ствараць умовы. А ў нас лепш за ўсё знайсці скарб: радовішча алмазаў або нафты, або чорную ікру - нешта накшталт цуд-зброі, каб адразу ў «дамкі», - іранізуе эканаміст.
Паводле ацэнкі экспэрта, цяпер беларускую эканоміку больш за ўсё цягнуць на дно дзяржаўныя прадпрыемствы-гіганты. Многія з іх зусім не жыццяздольныя, ці не жыццяздольныя ў цяперашніх варунках без магутнага прытоку замежных інвестыцый. Аднак улады трымаюцца за дзяржсектар да апошняга, уліваюць у яго значныя аб'ёмы фінансавых рэсурсаў, якія пераважна знікаюць дарма.
- Усё астатняе працуе крыху горш, крыху лепш, але вось гэтыя нашы гіганты як камень, прывязаны да ног, што не дае ні ўзляцець, ні разбегчыся, - канстатуе Леў Марголін.