BE RU EN

«Хачу жыць»: Берасцейцы прадаўжаюць барацьбу супраць акумулятарнага завода

Жыхары Берасця шостым разам выйшлі на Плошчу.

Нягледзячы на шэраг няўдач, барацьба супраць акумулятарнага завода ў Берасці, якая пачалася ў студзені, трывае. Учора жыхары Берасця ўжо шостым разам выйшлі на плошчу Леніна, паведамляе «Белсат».

"Хачу жыць. І каб унукі мае жылі. Каб была добрая экалагічная сітуацыя ў горадзе», - кажуць удзельнікі акцыі.

Гэтаму, на думку ўдзельнікаў акцыі, пагражае будаўніцтва акумулятарнага завода ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце».

«Не ўсё нам зразумела ў гэтым пытанні. Таму стараемся выходзіць, падтрымліваць. Шкада, што людзей сёння мала», - адзначаюць удзельнікі акцыі.

Магчымая прычына - дождж. Падтрымаць мірны пратэст у выглядзе кармлення галубоў прыйшлі блізу пяцідзесяці чалавек. Але праваабаронца Раман Кісляк інакш тлумачыць малую колькасць удзельнікаў.

«Улады дзейнічаюць шляхам рэпрэсій, гэта значыць яны мякка ціснуць, запалохваюць людзей. Ствараюць атмасферу страху», - канстатуе праваабаронца Раман Кісляк.

Так, пасля мінулай акцыі 25 сакавіка берасцейскія міліцыянты затрымалі чатырнаццацігадовага Янку Стральцова. Падлетку заламалі рукі і паставілі на калені. Праз час на месцы здарэння апынуўся ягоны бацька. Але гэта не спыніла сілавікоў.

Учорашнюю акцыю суправаджалі аўтазакі. Да грамадзян чапляліся супрацоўнікі ў цывільным адзенні.

Удзельнікі акцыі кажуць:

«Кажуць, несанкцыянаваны мітынг. Які тут мітынг? Я не ведаю. Ужо, напэўна, хутка паход у царкву таксама мітынгам будзе разглядацца».

«Зразумела, размова ні пра што. Людзі не прадставіліся, нічога не сказалі, хто яны. Сказалі, супрацоўнікі Ленінскага РУУС. Якія канкрэтна супрацоўнікі, Бог іх ведае».

У руках берасцейцаў, якія не пабаяліся выйсці на вуліцы ўласнага горада хоць і з мірным, але пратэстам, - балонікі з надпісам «Жыць». Напярэдадні іх, а таксама ўлёткі пра шкоду свінцу раздавалі актывісты. У межах кампаніі прыцягнення ўвагі да праблемы ў сярэдзіне сакавіка ў сеціве з'явіўся кліп з такой жа назвай.

Таксама берасцейцы стварылі сайт stopzavod.by, дзе можна падпісаць электронную петыцыю. Тут жа пералічаны прычыны нязгоды гараджан з будаўніцтвам завода. Сярод іх: утварэнне штодня больш за тры тоны небяспечных адкідаў, адсутнасць у праекце сістэмы іх маніторынгу, неадпаведнасць і памылкі ў дакументацыі.

Гэтыя і іншыя аргументы грамадскае аб'яднанне «Экадом» разам з мясцовымі актывістамі прадставілі дваццаць сёмага сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Берасця. Які, аднак, адхіліў пазоў да Берасцейскага райвыканкаму і кампаніі «АйПауэр», якая і будуе завод.

Апошнія навіны