Беларусы ўстанавілі рэкорд узятых у банках крэдытаў
- 2.04.2018, 7:45
Завінавачанасць насельніцтва вырасла амаль да $5 мільярдаў.
Крэдытны апетыт беларусаў не памяншаецца. Паводле звестак Нацбанка, на 1 сакавіка фізічныя асобы павялічылі свае пазыкі перад банкамі да 9,3 мільярда рублёў. І гэта зноў рэкордная сума. Рэгулятар, нагадаем, ужо заявіў пра сваё жаданне знізіць цікавасць насельніцтва да жыцця ў пазыку з дапамогай новых правілаў выдачы крэдытаў, піша tut.by.
Агульная сума выдадзеных грамадзянам крэдытаў на 1 сакавіка склала 9 327,8 мільярда рублёў. Большая частка гэтых грошай - 6 152,9 мільярда рублёў - узятая на куплю або будаўніцтва жылля. Кожны трэці крэдытны рубель (3 174,8 мільярда) быў выдаткаваны на звычайныя куплі спажывецкіх тавараў.
Пры гэтым, варта сказаць, што ў сакавіку тэндэнцыя крыху змянілася. Па-першае, завінавачанасці сталі расці меншымі тэмпамі. Калі ў лютым грамадзяне аформілі крэдытаў на 160,1 мільёна рублёў, то цяпер - на 135,8. Па-другое, у сакавіку цікавасць зрушылася ў бок крэдытаў на нерухомасць. У лютым іх было аформлена на суму 59,3 мільёна рублёў, у сакавіку - на 71,5. Такая сітуацыя найперш звязаная з ажыятажным попытам на танныя кватэры малой плошчы ў новабудоўлях. Як нам вядома, у некаторых банках ёсць нават чэргі на разгляд заявак на такія крэдыты.
Агулам жа рост аб'ёму крэдытнай запазычанасці звязаны ў апошні год як з некаторым ростам даходаў насельніцтва, так і з актыўнай пазіцыяй банкаў. Грамадзяне, бачачы, што заробак хоць трохі, але расце, імкнуцца аднавіць дакрызісны ўзровень жыцця. Банкі ж задавальняюць гэты попыт, робячы жыццё ў пазыку больш даступным. Напрыклад, спажывецкія крэдыты нярэдка выдаюць без даведкі аб даходах, у многіх банках пазычыць грошы можна онлайн з дапамогай мабільных дадаткаў, магчымая дастаўка крэдытнай карткі дадому. Акрамя таго, банкі самі прапануюць існым кліентам (з добрай крэдытнай гісторыяй) аформіць крэдыты. Напрыклад, кліенты некаторых банкаў атрымліваюць паведамленні аб тым, што ім ужо ўхваленая папярэдняя сума магчымага крэдыту, хоць заяўку на яго яны нават не падавалі.
Спачатку занадта заўзятае жаданне беларусаў развязаць свае пытанні з дапамогай пазык выклікала занепакоенасць у крэдытораў Беларусі. Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця прапанаваў уладам астудзіць попыт на крэдыты, бо яны ў сваю чаргу стымулююць попыт на імпарт, што цісне на курс рубля. Затым сваю пазіцыю выказаў і Нацбанк. У выніку, з 1 траўня выдаваць крэдыты будуць паводле новых правіл: у Беларусі ўвядуць каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Банк будзе аналізаваць даходы і выдаткі фізічнай асобы, якая звярнулася па крэдыт. «І выдаткі за крэдыты, мікрапазыкі, лізінг не павінны перасягаць 40% ад абвешчанага фізічнай асобай даходу», - заяўляюць у Нацбанку.
Чакаецца, што дакументы на гэты конт будуць апублікаваныя найбліжэйшым час.