BE RU EN

«Вялікая сямёрка» выступіла з супольнай заявай пасля авіяўдару ў Сірыі

  • 17.04.2018, 9:40

Лідары краінаў G7 назвалі бамбаванне аб'ектаў дыктатара Асада неабходнай мерай.

Лідары краінаў «Вялікай сямёркі» выпусцілі супольную заяву, у якой выказалі адзінагалосную падтрымку авіяўдараў, нанесеных заходняй кааліцыяй у ноч на 14 красавіка па сірыйскіх урадавых аб'ектах у адказ на паведамленні пра хімічную атаку ў сірыйскім горадзе Дума. Супольную заяву распаўсюдзіў офіс прэм'ер-міністра Канады Джасціна Трудо, паведамляе РБК.

«Мы, лідары G7 – Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія, Вялікая Брытанія, ЗША, – і ЕЗ адзіныя ў тым, каб самым катэгарычным чынам асудзіць выкарыстанне хімічнай зброі 7 красавіка ва Усходняй Гуце ў Сірыі. Мы цалкам падтрымліваем усе намаганні ЗША, Францыі і Злучанага Каралеўства, накіраваныя на паслабленне магчымасцяў рэжыму Асада выкарыстоўваць хімзброю і на стрымліванне будучага яе выкарыстання», – гаворыцца ў паведамленні.

У заяве адказ на меркаваную хіматаку названы абмежаваным, прапарцыйным і неабходным, паколькі, як мяркуюць лідары G7, увесь магчымы дыпламатычны патэнцыял ужо вычарпаны.

Лідары «Вялікай сямёркі» падкрэсліваюць, што выкарыстанне хімзброі з'яўляецца парушэннем Канвенцыі аб хімічнай зброі і «ўяўляе з сябе пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы», а таксама што «ў мінулым выкарыстанне хімічнай зброі рэжымам Асада было пацверджана незалежнымі міжнароднымі следчымі».

«Мы трымаемся разам супраць беспакаранасці тых, хто распрацоўвае або выкарыстоўвае гэтую зброю ў любым месцы і ў любы час, пры любых абставінах», – сказана ў заяве. Лідары G7 пры гэтым дадаюць, што «па-ранейшаму застаюцца адданыя дыпламатычнаму развязанню канфлікту ў Сірыі».

У ноч на 14 красавіка ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя нанеслі ракетныя ўдары па аб'ектах урадавых сілаў Сірыі. Такія дзеянні сталі адказам на паведамленні пра хімічную атаку ў сірыйскім горадзе Дума ва Усходняй Гуце. Вашынгтон, Лондан і Парыж усклалі адказнасць за яе на сілы дыктатара Башара Асада.

Апошнія навіны