BE RU EN

У Печах выйшлі на стыхійны мітынг

  • 16.04.2018, 13:19

Жыхары заявілі чыноўнікам, што будуць змагацца.

Печы даўно ўжо можна назваць асобным вялікім мікрараёнам, дзе пражывае блізу 10 000 чалавек. А прыкладна каля васьмі гадоў таму таварыства «Беларускі звяз афіцэраў» на чале з ягоным кіраўніком (на той час арганізацыю ўзначальваў Ю. К. Ігонін. – заўвага рэд.) нават выступіла з ініцыятывай стварыць камітэт мясцовага самакіравання, які дапамагаў бы выканкаму ў развязанні праблемаў, абараняючы правы жыхароў мястэчка. Не атрымалася, піша ex-press.by.

Такім чынам, адсутнасць сістэмы абароны асабістых правоў змушае людзей самастойна адстойваць свае правы.

Нядаўна на ўездзе ў Печы, злева ад «Звязды», пачалі ўзводзіць кааператыўны дом. Пры будаўніцтве сур'ёзна пацярпела зялёная зона каля дома №41 па вуліцы Сярэбранікава. Жыхары найбліжэйшых дамоў у здзіўленні: «Мы сваёй згоды не давалі на высечку дрэваў». Як высветлілася пазней, кааператыўны дом мае патрэбу ў паркоўцы прыкладна для 120 кватэраў з адпаведнай колькасцю месцаў.

У 1991 годзе, калі здаваўся дом №41, яго тэрыторыю добраўпарадкавалі, высадзілі дрэвы, але пасля таго, як праклалі камунікацыі да будоўлі новага дома, усе зялёныя пасадкі знішчылі, – на гэтым месцы была прынятая пастанова будаваць паркоўку.

Жыхароў найбліжэйшых дамоў (№40, №41 і №25) такі расклад не задаволіў. Раніцай, 13 красавіка, яны сабраліся на стыхійны мітынг, каб заявіць пра сваю нязгоду ператвараць зялёную зону ў аўтамабільную стаянку.

Жарсці напаліліся да такой ступені, што паміж будаўнікамі і мітынгоўцамі адбылася бойка. Давялося выклікаць міліцыю. Праз некаторы час у Печы прыбыў намеснік кіраўніка райвыканкама Віктар Пазняк, які курыруе пытанні будаўнічага і дарожнага комплексу, і прадстаўнікі праектнай арганізацыі.

На пытанне пратэстоўцаў, «хто плаціць за будаўніцтва гэтай аўтастаянкі – кааператыў?», ім адказалі:

– Не, гэтая стаянка будуецца за кошт выканкама. Карыстацца аўтастаянкай можна будзе ўсім, – заявіў Віктар Пазняк.

– Нам яна не патрэбная! Гэта выхлапы, СО, – абураліся людзі. – Дзе дрэвы, дзе акты – колькі было пасаджана дрэваў, выкарчавана, грошай выдаткавана? За чый гэта рахунак усё выкарчоўваць, гэта значыць – закопваць у зямлю? Гэта ўсё грошы народныя, дзяржаўныя!

Народ здзіўляўся, чаму на тэрыторыі іхніх дамоў за кошт бюджэтных сродкаў будзе павялічаная аўтастаянка для новага дома? Людзі, якія сабраліся, выказалі здагадку: магчыма, у праектавальнікаў адбылася памылка, бо ўсякае бывае.

Таксама было зададзенае пытанне: «Ці было апытанне грамадскай думкі?» Такога апытання не было, больш за тое, прадстаўнік улады адзначыў, што яны гэтага і не павінны рабіць.

На прапанову пазнаёміць ініцыятыўную групу з праектам быў атрыманы адказ, што гэты дакумент знаходзіцца «на перапрацоўцы».

Жыхары па-ранейшаму настойвалі на сваім:

– Прыпыніце, разбярыцеся! Прыміце да ўвагі меркаванне людзей – бо ўлада для народа!

У выніку ўсё зводзілася да аднаго: «Праект ёсць, праект узгоднены, мы будзем будаваць!»

– Насупраць, справа ад дарогі, ёсць гатовая, але зарослая стаянка, на якую змесціцца большая колькасць машынаў, чым каля дамоў, – як альтэрнатыўны варыянт людзі прапанавалі акультурыць існую аўтастаянку перад самым уездам у Печы.

Людзі, якія сабраліся, выказалі надзею, што ў найбліжэйшы час улада ўсё ж арганізуе з сустрэчу з ініцыятыўнай групай, а пакуль:

– Мы ніякіх актыўных дзеянняў рабіць не будзем, да пастановы выканкама. У адваротным выпадку звернемся ў адміністрацыю Лукашэнкі. Таму давайце не абвастраць сітуацыю. Вы ведаеце, з людзьмі працуеце, як гэта – для народа рабіць. Вось вам меркаванне народа: не трэба! Не хочам і будзем змагацца!

Як стала вядома журналістам, печынцы накіравалі калектыўны ліст на імя кіраўніка райвыканкама Генадзя Дзянгалева. Які будзе адказ, стане вядома пазней. Рэдакцыя будзе сачыць за развіццём падзей.

Апошнія навіны