BE RU EN

Мэркель ухваліла ўдар ЗША і іх хаўруснікаў па Сірыі

  • 14.04.2018, 12:19

Ваенная аперацыя была неабходным і дарэчным крокам, мяркуе канцлерка.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што ўхваляе ракетныя ўдары па Сірыі, якія ў ноч на суботу, 14 красавіка, нанеслі ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя. «Ваенная аперацыя была неабходным і дарэчным крокам для таго, каб захаваць эфектыўнасць міжнароднага байкоту хімічнай зброі і перасцерагчы сірыйскі рэжым ад новых парушэнняў», - цытуе кіраўніцу нямецкага ўрада «Нямецкая хваля».

З яе слоў, напады былі ажыццёўленыя для таго, каб «абмежаваць магчымасці рэжыму для ўжывання хімічнай зброі і прадухіліць новыя парушэнні Канвенцыі аб яе забароне». «Мы падтрымліваем пастанову нашых амерыканскіх, брытанскіх і французскіх хаўруснікаў, якія, як сталыя чальцы Рады Бяспекі ААН, такім чынам бяруць на сябе адказнасць», - прадоўжыла Мэркель.

Берлін падтрымае ўсе дыпламатычныя крокі

«Нямеччына будзе рашуча падтрымліваць усе дыпламатычныя крокі ў гэтым кірунку», - запэўніла канцлерка. Раней яна заяўляла, што ФРГ не будзе ўдзельнічаць у магчымым ваенным удары па Сірыі.

У ноч на 14 красавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у звароце да нацыі абвясціў аб пачатку ракетных нападаў на Сірыю. Да іх далучыліся Вялікая Брытанія і Францыя. Мэтай удараў, якія сталі адказам на паведамленні аб шматлікіх ахвярах і пацярпелых падчас хіматакі ў сірыйскім горадзе Думе, сталі тры аб'екты, звязаныя з хімічнай зброяй.

Апошнія навіны