BE RU EN

Рэжым Лукашэнкі стаў на абарону Асада

  • 14.04.2018, 10:21

МЗС Беларусі асудзіла ўдары па Сірыі.

Нанясенне ўдараў па Сірыі тоіць у сабе небяспеку некантраляванай эскалацыі сітуацыі, што можа прывесці да міждзяржаўнага ваеннага канфлікту. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі, распаўсюджанай у суботу.

«Рэспубліка Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі 14 красавіка 2018 года», - адзначаецца ў заяве.

У Менску заявілі, што «сітуацыя ў Сірыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, які стварае небяспеку далейшай некантраляванай эскалацыяй, якая выходзіць за рамкі рэгіёну». МЗС Беларусі заклікала ўсе залучаныя бакі «неадкладна спыніць выкарыстанне ваеннай сілы супраць іншых дзяржаў і шукаць шляхі ўрэгулявання канфліктаў мірнымі сродкамі за сталом перамоваў».

Таксама ў МЗС мяркуюць, што ўжыванне забароненых тыпаў зброі масавага паражэння не павінна заставацца без наступстваў. «Аднак крокі ў адказ павінны грунтавацца на адназначных і правераных фактах і ўжывацца ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Ніводзін з гэтых крытэрыяў не быў выкананы тымі, хто сёння нанёс удар па Сірыі», - заявілі ў беларускім замежнапалітычным міністэрстве.

У Менску мяркуюць, што Арганізацыя забароны хімічнай зброі павінна мець магчымасць тэрмінова праверыць інфармацыю аб ужыванні хімічнай зброі ў Сірыі і далажыць вынікі расследавання Радзе Бяспекі ААН.

«Мяркуем, што ўсім чальцам Рады Бяспекі ААН варта прыкласці максімальныя намаганні для выканання ўскладзенай на іх міжнароднай супольнасцю задачы для аднаўлення і падтрымання міжнароднага міру і бяспекі», - гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

Апошнія навіны