BE RU EN

У Беларусі пачалі змятаць аўтамабілі з аўтасалонаў

  • 12.04.2018, 18:49

Баючыся чарговай дэвальвацыі, беларусы ўжо паспяшаліся скупляць валюту і каштоўныя тавары, у спіс якіх уваходзяць і аўтамабілі.

Даляр за тры дні падаражэў амаль на 11 беларускіх капеек. А ў Расеі амерыканская валюта вырасла на 6 расейскіх рублёў, еўра - амаль на 8 рублёў. Паводле звестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у апошнія пару дзён назіраецца ажыятажны попыт на новыя аўто, піша auto.mail.ru.

Многія беларусы мяркуюць, што неўзабаве за падзеннем беларускай валюты рушыць услед адскок, і скідаюць ашчаджанні - купляюць тавары, якія сталі таннейшымі пры пераліку на даляры. Гэта цяпер і адбываецца на рынку дылераў. Яны не паспелі памяняць кошты, а значыць, некаторыя мадэлі патаннелі.

Партал Onliner, спасылаючыся на Сяргея Варывода, сябра праўлення БАА, мяркуе, што найбольш выгадна цяпер купляць аўтамабілі расейскай зборкі (так званыя расейскія іншамаркі), - на іх пакуль кошты не выраслі, а значыць, у даляравым эквіваленце яны патаннелі. У найбліжэйшы час ёсць магчымасць купіць, як кажуць, «па старых коштах».

Патэнцыйным пакупнікам варта правесці маніторынг прапаноў і выкарыстаць цяперашнюю сітуацыю, якая паўстала праз паслабленне расейскага рубля. Відавочна, што курс валюты РФ хутка не адновіцца.

Хутчэй за ўсё, аўтамабілі будуць даражэць: адны мадэлі хутчэй, іншыя больш павольна. Гэта пытанне максімум тыдня. Дадамо, што на мінулым тыдні за адзін даляр давалі 57,7 рублі, затым курс падскочыў да 63, а цяпер знаходзіцца на адзнацы «61,3».

Апошнія навіны