BE RU EN

СААЗ налічыла ў Думе 500 пацярпелых з сімптомамі хімічнага атручвання

  • 12.04.2018, 18:10

Сусветная арганізацыя аховы здароўя патрабуе неадкладнага доступу да месца хімічнай атакі.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ, агенцтва ААН) заявіла пра 43 загінулых і 500 пацярпелых у горадзе Дума ў Сірыі з прыкметамі, падобнымі да атручвання таксічнымі хімікатамі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце СААЗ, паведамляе РБК.

«Прыкладна 500 чалавек трапілі ў бальніцы з сімптомамі атручвання таксічнымі хімікатамі. Між іншым, назіраліся прыкметы моцнага раздражнення слізістай, парушэння дыхання і працы цэнтральнай нервовай сістэмы», - паведамляе арганізацыя, спасылаючыся на звесткі сваіх партнёраў па праграме Health Cluster.

Больш за 70 чалавек, якія схаваліся ў падвалах, загінулі. Смерць 43 з іх звязаная з сімптомамі падобнымі да тых, якія ўзнікаюць пры ўздзеянні высокатаксічнага хімікату. «Дзве медустановы, паводле паведамлення, таксама пацярпелі ад гэтых нападаў», - адзначае СААЗ.

«Арганізацыя патрабуе неадкладнага доступу да месца нападу для выдавання медыцынскай дапамогі пацярпелым і ацэнкі іх стану», - заявіў намеснік дырэктара СААЗ Пітэр Салама.

Раней Арганізацыя забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) заявіла, што ў найбліжэйшы час накіруе ў Думу сваіх інспектараў. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў адзначыў, што ў горадзе ўжо не вядуцца баі і ён кантралюецца сірыйскім войскам і расейскай вайсковай паліцыяй. «Калі патрэбныя будуць гарантыі бяспекі інспектараў АЗХЗ, то яны будуць пададзеныя», - запэўніў міністр. Лаўроў таксама адзначыў, што расейскія спецыялісты не выявілі ў Думе слядоў прымянення хімічнай зброі.

ЗША ўважае, што ў горадзе мела месца менавіта яно. Адказным за атаку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў сірыйскага дыктатара Башара Асада.

Апошнія навіны