BE RU EN

Блогер Nexta: Улада Лукашэнкі закончылася яшчэ ў 1999 годзе

  • 6.03.2018, 8:50

Нельга абразіць тое, чаго няма.

Беларуская міліцыя пачала сачыць за сучаснымі медыйнымі тэндэнцыямі. Але лепш бы яна гэтага не рабіла. Усяго за пару тыдняў праваахоўныя органы пачалі праверку двух «youtube-блогераў». Пра 19-га гадовага Сцяпана Святлова СМІ ўжо распавядалі, а ўчора разбірацца з прэтэнзіямі да сябе ў міліцыю пайшоў Павел Спірын, паведамляе «Белсат».

Бясплатная дадатковая раскрутка ад міліцыі

Youtube-фільм блогера Паўла Спірына пад назвай «Айчым», прысвечаны кіраванню Аляксандра Лукашэнкі, са снежня паглядзелі амаль 450 тысяч чалавек.

Творчасцю Паўла Спірына зацікавіліся праваахоўнікі. Выклікалі ў Ленінскае РУУС, там зрабілі экспертызу голасу. Хоць Спірын і сам адкрыта прызнае, што голас, як і сам фільм, сапраўды ягоны.

«Я знаходжуся ў працэсуальным статусе заяўніка, як гэта ні смешна гучыць. Гэта значыць, атрымліваецца, я сам на сябе заявіў у органы ўнутраных спраў і паводле маёй жа заявы праводзіцца праверка, ці прыцягваць мяне да крымінальнай адказнасці ці не. Мяркуючы з усяго справа будзе распачатая, інакш няма сэнсу рабіць экспэртную выснову наконт майму голасу», - распавядае Павел Спірын.

Не любіць блогера і актывіста ва ўладаў не адная прычына. Як былы супрацоўнік сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ён нярэдка востра адгукаўся аб праблемах сістэмы, у тым ліку ў нашым эфіры.

Ціснуць на журналістаў улады Беларусі з рознай інтэнсіўнасцю ўжо два дзесяцігоддзі. Толькі за мінулы год карэспандэнты, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, прайшлі праз дзясяткі судоў і сумарна атрымалі штрафаў на 25 тысяч даляраў. Аднак увага да youtube-блогераў з'явілася нядаўна.

«Яны проста адкрылі для сябе Youtube, як нешта новае, з чаго можна рабіць сабе значкі на пагонах. І ўзмацняюць ціск на незалежнае меркаванне», - кажа блогер NEXTA Сцяпан Святлоў.

На блог 19-гадовага Сцяпана Святлова падпісаныя амаль 120 тысяч чалавек, у некаторых відэа - мільённыя прагляды. Вострыя ролікі блогера нібыта не спадабаліся нейкай грамадзянцы Яўгеніі Грыб, якая пражывае на праспекце Любімава, 43-98. І яна паскардзілася ў міліцыю. Але вось цікава: дома з такім адрасам у Менску няма. Ні фізічна, ні паводле звестак даведачнай службы.

Няма дома, можа і незадаволенай Яўгеніі Грыб не існуе? Цяпер РУУС Менскага раёна вядзе праверку дзейнасці Сцяпана, дома ў яго канфіскавалі кампутар брата і аматарскую камеру. Завесці справу могуць паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу - абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Ну спадарстваа, як можна абразіць тое, чаго няма. Я цяпер не пра гонар і годнасць так званага прэзідэнта, а пра яго самога. Бо ўлада гэтага чалавека скончылася яшчэ ў 1999 годзе, калі мне не было і двух гадоў», - кажа блогер NEXTA Сцяпан Святлоў.

Блогеры перад ціскам уладаў больш безабаронныя, чым карэспандэнты газет, сайтаў і каналаў, мяркуе Святлоў. Хоць папулярнасць і рэзананс могуць быць больш моцнымі, чым у зарэгістраваных СМІ. Рэзанансу ўлады не любяць, хоць самі дадаюць youtube-журналістам гледачоў сваімі пераследамі.

Апошнія навіны