BE RU EN

На мяжы стаяць вялізныя чэргі грузавікоў

  • 25.03.2018, 11:59

Больш за 1,8 тысячы фур чакаюць выезду з Беларусі.

Больш за 1,8 тысячы грузавікоў стаяць у чэргах на выезд з Беларусі, самая напружаная абстаноўка - на літоўскім кірунку, дзе ў чарзе, паводле звестак сайта Дзяржаўнага памежнага камітэта на 10.00 25 сакавіка, больш за 900 аўто. Аб гэтым піша tut.by.

На выездзе ў Літву напружаная сітуацыя ва ўсіх пунктах пропуску - у «Каменным логу» у чарзе больш за 330 грузавых аўтамабіляў, у «Катлоўцы» і «Прывалцы» - больш за 200 у кожным, «Беняконі» - больш за 170.

Выезду ў Латвію чакаюць больш за 720 фур, самая вялікая чарга ва «Урбанах» - больш за 380 машын, у «Грыгараўшчыне» - больш за 340.

У польскім кірунку ў чарзе на выезд больш за 220 фур, у тым ліку больш за 90 - у «Брузгах».

На беларуска-польскай мяжы ў «Бераставіцы» стаяць больш за 90 грузавікоў, у «Брузгах» - звыш 80, у «Казловічах» - больш за 20.

Чэргаў на выезд легкавога транспарту няма, як няма і чэргаў на выезд фур ва Украіну.

Як раней паведамлялася, сітуацыя стала напружанай больш за тыдзень таму, калі Дзяржаўны мытны камітэт у сувязі з нерытмічным прыёмам транспартных сродкаў літоўскім бокам рэкамендаваў перавозчыкам выбіраць альтэрнатыўныя маршруты перасячэння мяжы.

Праблема паўстала пасля таго, як 17 сакавіка, з 9.00 да 17.00, у пунктах пропуску, размешчаных на беларуска-літоўскай мяжы, не функцыянавалі праграмныя сістэмы апрацоўкі звестак MDAS, NTFS, IDAIS у сувязі з прафілактычнымі працамі, якія праводзяцца літоўскім бокам. У выніку на ўезд у Літву ўтварыліся чэргі грузавых транспартных сродкаў.

Апошнія навіны