Івонка Сурвіла: Беларускі дом усё яшчэ не зусім беларускі
- 25.03.2018, 9:12
Юбілей БНР - не толькі свята, але і 100-годдзе слаўнай барацьбы за незалежнасць беларусаў.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларускага народа і павіншавала беларусаў са 100-годдзем Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Мы сёння святкуем не толькі юбілей таго слаўнага 25 сакавіка 1918 году, калі народ наш абвясціў свету, што «скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці», але і стагоддзе барацьбы - часта ў вельмі цяжкіх умовах - каб ажыццявіць ідэалы, запісаныя ва ўстаўной грамаце БНР» , - гаворыцца ў віншаванні.
Івонка Сурвіла адзначае, што праз сто гадоў пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі «Беларусь жыве, і жывуць ідэалы БНР!»
«Шлях наш быў цярністы, але мы выжылі, не дазволілі загаснуць нашай паходні надзеі. Сто гадоў неслі мы яе ўсе разам, з вялікай цяжкасцю на Радзіме, з глыбокай верай - пад знакам Пагоні - ва ўсіх краінах свету, куды нас закінуў лёс».
Са слоў старшыні Рады БНР, без гэтай «паходні надзеі не аднавілі б мы незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1991-м годзе, бо не было б ужо каму яе аднаўляць!»
«Не было б БНР, не было б БССР, не было б і незалежнай дзяржавы! Але ідэалаў БНР мы яшчэ не рэалізавалі. Беларускі дом ўсё яшчэ не зусім беларускі, і незалежнасць яго ўсё яшчэ пад пагрозай».
«Дарагія суродзічы, ідэалы БНР жывуць і будуць жыць. Але ад кожнага з нас залежыць - калі мы іх выканаем. Дык давайце скарыстаем з гэтага вялікага юбілею, каб даказаць сабе і свету, што мы вартыя іх! Жыве Беларусь!» - гаворыцца ў святочным звароце.