Ва Украіне ўнясуць папраўкі ў Канстытуцыю
- 24.03.2018, 14:06
Сяброўства ў ЕЗ і NATO - стратэгічная мэта краіны.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка найбліжэйшым часам ініцыюе ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю для замацавання стратэгіі краіны на еўрапейскую і еўраатлантычную інтэграцыю.
Пра гэта Пятро Парашэнка заявіў падчас мерапрыемстваў з нагоды дня Службы бяспекі Украіны ў суботу ў Кіеўскай вобласці.
«Сяброўства ў Альянсе - гэта наша стратэгічная мэта. У найбліжэйшы час я планую ініцыяваць унясенне змяненняў у Канстытуцыю для таго, каб зрабіць гэты працэс незваротным, указаўшы ў Канстытуцыі стратэгічную мэту развіцця дзяржавы - гэта сяброўства ў Еўрапейскім Звязе і сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе», - заявіў Парашэнка.
Прэзідэнт даў даручэнне падрыхтаваць праект паправак у Канстытуцыю, якія замацуюць імкнення Украіны да сяброўства ў NATO і Еўрапейскім Звязе.
Раней Парашэнка пасля атрымання Украінай статусу «краіны-аспіранта» ў лісце да генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга папрасіў даць Украіне План дзеянняў па сяброўству ў Альянсе (ПДУ).
У штаб-кватэры NATO кажуць, што прызнанне еўраатлантычных імкненняў Украіны на сайце Альянсу не азначае змены палітыкі блока, а толькі адлюстроўвае рэальнасць.