BE RU EN

Эльмар Брок: «Паўночная плынь-2» павялічыць залежнасць ЕЗ ад Расеі

  • 24.03.2018, 10:46

Цяпер Газпрам займае 37% еўрапейскага рынка, а «Паўночная плынь-2» павялічыць гэтую долю да 45%.

Дэпутат Еўрапарламента ад Нямеччыны Эльмар Брок мяркуе, што расейскі праект газаправода «Паўночная плынь-2» - не з'яўляецца выключна эканамічным і паставіць ЕЗ у яшчэ большую залежнасць ад Расеі. Пра гэта ён сказаў падчас дыскусіі пра Украіну, паведамляе Укринформ.

Брок адзначыў, што не разумее пазіцыю сваёй краіны ў гэтым пытанні.

«Газ - гэта не проста энэргія, ён стаў стратэгічнай зброяй. І вось калі Пуцін трымае энэргію і палітыку ў адных сваіх руках, мы гаворым: гэта выключна эканамічнае пытанне. Пуцін смяецца з гэтага», - сказаў еўрадэпутат.

Газпрам займае 35-40% еўрапейскага рынка і з'яўляецца адначасова вытворцам, уласнікам газаправода і пастаўшчыком. Са слоў Брока, Еўракамісія спрабуе зрабіць так, каб расейскі газавы манапаліст пачаў падпарадкоўвацца правілам еўрапейскіх партнёраў.

Паўночная плынь-2 прадугледжвае будаўніцтва двух нітак газаправода ў абыход Украіны агульнай магутнасцю 55 млрд кубаметраў газу ў год ад узбярэжжа РФ праз Балтыйскае мора да ФРГ. Кампанія Nord Stream 2 AG, якая займаецца планаваннем будаўніцтва, належыць расейскаму Газпраму на 100%. Палову кошту газаправода (да 10 млрд еўра) павінны прафінансаваць пяць еўрапейскіх нафтагазавых кампаній - Shell, OMV, Engie, Uniper і Wintershall.

Апошнія навіны