BE RU EN

Падатковая возьмецца за сэрвісы пошуку спадарожнікаў

  • 22.03.2018, 21:03

Падатковая прыстрашвае кіроўцаў, якія пастаянна шукаюць спадарожнікаў праз BeepCar.

Падатковыя органы выяўляюць людзей, якія незаконна перавозяць грамадзян з дапамогай сэрвісаў пошуку спадарожнікаў. Пра гэта агенцтву БелТА заявілі ў прэс-службе Міністэрства падаткаў і збораў.

Гаворка ідзе пра сэрвісы накшталт сайта BeepCar.ru, які дапамагае знайсці спадарожнікаў. У МПЗ кажуць, што ўмовы дзеяння такіх сайтаў пошуку спадарожнікаў у Беларусі змяняцца не будуць. А самі інспектары будуць звяртаць увагу толькі на тыя паездкі, якія робяцца з мэтай атрымання прыбытку, а значыць, з'яўляюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.

У міністэрстве кажуць, што некаторыя перавозчыкі карыстаюцца такімі сайтамі на пастаяннай аснове. Гэта дае падставы меркаваць, што яны незаконна займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. «Згодна з заканадаўствам, пры аказанні паслуг перавозкі пасажыраў за плату (аплата кошту паліва) фізічным асобам неабходна ўлічваць, што калі аказанне такіх паслуг накіраванае на сістэматычнае атрыманне прыбытку, то грамадзянін, які ажыццяўляе такую дзейнасць і які атрымлівае за гэта ўзнагароджанне, можа ажыццяўляць яе толькі пасля дзяржаўнай рэгістрацыі і ў якасці суб'екта гаспадарання (індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы)», - падкрэсліваюць у МПЗ.

Разам з тым падаткавікі дадаюць, што дэкрэт №7 не патрабуе наяўнасці ліцэнзіі для ўнутрырэспубліканскіх аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах.

Нагадаем, што новыя нормы для міжгародніх перавозчыкаў увайшлі ў дзеянне 26 лютага. Пасля гэтага частка міжгародніх маршрутак спынілі сваю дзейнасць. Падаткавікі мяркуюць, што некаторы перавозчыкі сталі шукаць кліентаў з дапамогай спецыяльных сайтаў.

Апошнія навіны