BE RU EN

У Менску пры прыёме дзяцей у садок пачалі ўдакладняць пажаданую мову навучання

  • 22.03.2018, 20:18

У сталіцы на гэты момант усяго два беларускамоўныя садкі.

У адміністрацыі Ленінскага раёну Менску пры пастаноўцы дзяцей на ўлік маючых патрэбу ў дзіцячым садку пачалі ўдакладняць пажаданую мову навучання. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла архітэктарка Аляксандра Баярына, паведамляе tut.by.

Нагадаем, што Аляксандра Баярына з гэтай нагоды звярталася ў службу «Адно акно» адміністрацыі Ленінскага раёна з 2016 года. Аднак спецыялісты адказвалі, што такую інфармацыю не збіраюць.

Яна разам з аднадумцамі ўжо даўно азадачаная праблемай беларускамоўных дзіцячых садкоў. Напрыклад, у Менску ўсяго два беларускамоўныя садкі, ёсць крыху больш за сотню беларускамоўных груп, восем з іх для дзяцей ясельнага ўзросту. Пры гэтым дзіця не толькі складана адправіць у беларускамоўны садок, а ў тых установах, дзе ёсць такія групы, большасць дзяцей маюць зносіны па-расейску.

Бацькі-актывісты са сваім пытаннем звярнуліся ў Міністэрства адукацыі, дзе ім у тым ліку паабяцалі, што ў «Адным акне» ўвядуць магчымасць выбіраць мову навучання ў садках. Актывісты, якія звярнуліся таксама прасілі, каб групы на роднай мове з'явіліся ва ўсіх раёнах Менска. І ім таксама паабяцалі разгледзець пытанне аб стварэнні асобнай чаргі для тых, хто хоча навучацца па-беларуску.

Раней актывісты стварылі петыцыю, дзе апісалі сітуацыю і прапанавалі свае варыянты развязання праблемы.

Апошнія навіны