BE RU EN

Польшча злучыць краіны Балтыі з сістэмай энэргазабеспячэння ЕЗ

  • 22.03.2018, 18:23

Літва, Латвія і Эстонія стануць часткай еўрапейскай кантынентальнай энэргасістэмы.

Польшча і дзяржавы Балтыі пацвярджаюць план сінхранізацыі энэргетычных сетак у Еўропе да 2025 года. Гаворка ідзе пра адключэнне балтыйскіх дзяржаў ад расейскай сістэмы энэргазабеспячэння і падключэння іх да сістэмы еўрапейскай, а злучальным звяном павінна стаць Польшча, паведамляе «Радыё Польшча».

Прэм'ер Польшчы Матэуш Маравецкі і лідары Літвы, Латвіі і Эстоніі гаварылі на гэтую тэму ў Брусэлі са старшынём Еўрапейскай камісіі. У камюніке, апублікаваным пасля сустрэчы, напісана, што будуць прыняты ўсе намаганні, каб няўхільна прытрымлівацца ўзгодненага графіка. Удзельнікі перамоў наважылі правесці адмысловую сустрэчу летам для канчатковага афармлення палітычнага пагаднення ў гэтым пытанні.

Лідары дзяржаў Балтыі, Польшчы і кіраўнік Еўрапейскай камісіі падкрэслілі значэнне сінхранізацыі як ключавога элемента для фізічнай інтэграцыі Літвы, Латвіі і Эстоніі з еўрапейскай кантынентальнай энэргасістэмай. Як напісана ў камюніке, яна з'яўляецца вялізным укладам у адзінства і энэргетычную бяспеку Еўрапейскага звязу. Палітыкі падкрэслілі, што гэта таксама адзін з найбольш сімвалічных праектаў энэргетычнага саюза і канкрэтнае выказванне салідарнасці ў рамках умацавання энэргетычнай бяспекі Еўропы.

Апошнія навіны