BE RU EN

Справа Скрыпаля: Дзярждэп абвінаваціў МЗС РФ у непраўдападобных зняпраўджаннях

  • 21.03.2018, 21:23

Спробы адмаўляць адказнасць адбываюцца паводле знаёмага сцэнару: Крым, MH17, Данбас, Літвіненка, допінг.

Зняпраўджанні Міністэрства замежных спраў Расейскай Федэрацыі (МЗС РФ) пра недатычнасць да атручвання былога расейскага разведчыка Сяргея Скрыпаля, якія прагучалі на брыфінгу ў сераду, 21 сакавіка, з'яўляюцца непраўдападобнымі. Пра гэта заявіла афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Хізэр Ноерт у Twitter, паведамляе РБК.

Прадстаўніца Дзярждэпу заявіла, што ЗША і Вялікабрытанія правільна зрабілі, што не адправілі сваіх паслоў на брыфінг у МЗС Расеі.

«ЗША і Вялікабрытанія мелі рацыю, што не пасылалі паслоў на брыфінг у МЗС РФ, каб пачуць такія абвінавачванні і непраўдападобныя зняпраўджанні. Расея была адказная за напад... Спробы адмаўляць адказнасць адбываюцца паводле знаёмага сцэнару: Крым, MH17, Данбас, Літвіненка, допінг і т. д.», - напісала Ноерт.

Нагадаем, раней паведамлялася, што Міністэрства замежных спраў Расеі 21 сакавіка запрасіла ўсіх акрэдытаваных у РФ паслоў замежных дзяржаў на сустрэчу з кіраўніцтвам і экспертамі дэпартамента ў пытаннях нераспаўсюджвання і кантролю над узбраеннямі, каб абмеркаваць сітуацыю вакол заяў Лондана пра ўжыванне РФ атрутных рэчываў на тэрыторыі Вялікабрытаніі.

Пазней паслы ЗША, Францыі, Нямеччыны і Кітая заявілі, што не прыйдуць на сустрэчу ў МЗС РФ. Таксама прыбыць на сустрэчу адмовіўся пасол Вялікабрытаніі.

Апошнія навіны