BE RU EN

ААЦ Лукашэнкі атрымаў новыя паўнамоцтвы

  • 20.03.2018, 20:14

Самая сакрэтная спецслужба Беларусі цяпер зможа складаць пратаколы на тых, хто «не падпарадкоўваецца або абражае».

Аператыўна-аналітычны цэнтр Лукашэнкі атрымаў новыя паўнамоцтвы. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік ведамства Андрэй Паўлючэнка, які раней выконваў абавязкі начальніка аховы кіраўніка Беларусі.

Раней ААЦ не было ў спісе асобаў, упаўнаважаных складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, піша «Белсат».

Згодна з загадам, ААЦ цяпер можа складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і займацца падрыхтоўкай справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у выпадку:

- незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці (артыкул 12.7 КоАП)

- невыканання пісьмовага патрабавання (прадпісанняў)

- перашкодаў правядзенню праверкі, экспертызы

- умяшальніцтва ў вырашэнне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні

- непадпарадкавання законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобе пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў

- абразы службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў

- загадзя ілжывых тлумачэнняў або заявы

- адмовы або ўхіленні сведкі або пацярпелага ад дачы тлумачэнняў ці экспэрта або перакладчыка ад выканання ўскладзеных на іх абавязкаў

- ухілення ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны або крымінальны працэс (артыкулы 23.1-23.5 і 24.4-24.6 КоАП)

Загад увайшоў у дзеянне пасля афіцыйнага апублікавання.

Улады закручваюць гайкі ў інтэрнэце?

На думку юрыста Алега Агеева, такім чынам дзяржава ўзмацняе ціск за распаўсюд інфармацыі, і органы, якія адказваюць за гэта, надзяляюцца ўсё большымі паўнамоцтвамі, каб кантраляваць інтэрнэт.

«Раней за гэта адказваў МУС ці Міністэрства інфармацыі. У Мінінфарма былі даволі жорсткія захады, што датычыць блакавання сайтаў, а пратаколы складаў МУС. Цяпер, каб не перакідваць паперы з аднаго органу на другі, ААЦ дазволілі складаць пратаколы – органу, які наўпрост падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзідэнта. Хутчэй за ўсё гэта робіцца, каб мець магчымасць аператыўна рэагаваць на інфармацыю, якая не спадабаецца камусьці з кіраўнікоў дзяржавы на самым версе», – кажа Алег Агееў.

Афіцыйна ААЦ мае супрацьстаяць пагрозам інфармацыйнай бяспекі краіны і займаецца «рэгуляваннем дзейнасці для забеспячэння абароны інфармацыі, якая ўтрымлівае дзяржаўныя сакрэты РБ».

Сам Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што чакае ад ААЦ «больш глыбокай, якаснай інфармацыі па лініі барацьбы з карупцыяй». Аднак у снежні летась кіраўнік Беларусі адхіліў ад пасадаў усё кіраўніцтва ААЦ у сувязі з іх датычнасцю да шэрагу крымінальных і карупцыйных справаў.

Аператыўна-аналітычны цэнтр называюць самай сакрэтнай беларускай сілавой структурай. Ведамства мае права сачыць, праслухоўваць тэлефоны, весці схаванае відэаназіранне.

«Рэпарцёры без межаў» называюць ААЦ «ворагам інтэрнэту». Установа ажыццяўляе цэнзуру ў інтэрнэце, шпіёніць за журналістамі і курыруе правайдараў. Пры гэтым супрацоўнікі ААЦ ніколі не «свецяцца» на затрыманнях і ніколі не згадваюцца ў крымінальных справах.

Апошнія навіны