Чэхія выклікала пасла РФ праз заявы Захаравай
- 20.03.2018, 18:05
Раней праз падобныя заявы Масквы расейскага пасла выклікалі ў МЗС Швецыі.
Міністэрства замежных спраў Чэхіі выклікае амбасадара РФ у сувязі з заявай Масквы пра магчымае чэшскае паходжанне нервова-паралітычнага рэчывы «Навічок».
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на МЗС Чэхіі ў Twitter.
«На заўтра амбасадар РФ у Чэхіі Аляксандр Зімоўскі выкліканы ў МЗС, каб патлумачыць ілжывыя заявы расейскага боку, які сцвярджае, што рэчыва «Навічок», выкарыстанае пры нападзе ў брытанскім Солсберы, магло быць з Чэхіі», - гаворыцца ў паведамленні.
Раней праз такія заявы Масквы расейскага амбасадара выклікалі ў МЗС Швецыі.
Прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава на мінулым тыдні назвала шэраг краін, якія маглі быць крыніцай рэчывы «Навічок». З ейных слоў, у гэтых краінах з канца 90-х гадоў вяліся даследаванні ў гэтай тэматыцы.
Акрамя Швецыі, у спіс патрапілі Славакія, Чэхія, ЗША і сама Вялікабрытанія.
Нагадаем, кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан паведаміў пра наяўнасць довадаў, якія сведчаць пра распрацоўку і назапашванне «Навічок» Расеяй.
Джонсан таксама заяўляў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін «напэўна дакладна» асабіста аддаў загад выкарыстаць таксічнае нервова-паралітычны рэчыва «Навічок» для атручвання былога расейскага агента ў Брытаніі.
Расея адмаўляе абвінавачванні ў стварэнні «Навічка» і датычнасці да атручвання Скрыпаля.