BE RU EN

Мітрапаліт Павел пра бацюшку «са свастыкай»: Яму забаронена праводзіць богаслужэнні, але сану ён не пазбаўлены

  • 20.03.2018, 16:13

Кіраўнік БПЦ удакладніў статус асуджанага за захоўванне зброі святара Канстанціна Бурыкіна.

Святар Канстанцін Бурыкін пакуль не пазбаўлены сану. Пра гэта распавёў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел падчас адказу на пытанне Tut.by.

- Ён пакуль не пазбаўлены сану ў сувязі з тым, што знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, - адзначыў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел. - Ён забаронены ў святарскім служэнні і знаходзіцца пакуль у гэтым статусе, без права служэння.

Нагадаем, мінулым летам суд Заводскага раёна Менска разглядаў справу святара з Гатава Канстанціна Бурыкіна. Яго прызналі вінаватым у незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў і прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Канстанціна Бурыкіна затрымалі ў лістападзе 2016 года. Ягоны арышт жонка і сябры патлумачылі тым, што святар перайшоў камусьці дарогу ў Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу, якую ўзначальваў апошнія гады. Пакуль ішло расследаванне, усплылі падрабязнасці пра тое, што Бурыкін захоўваў дома дыскі з ваеннай хронікай Трэцяга рэйху, у працоўным кабінеце ў яго вісела люстра ў выглядзе свастыкі, і свастыка была набітая на руцэ.

- У 2000 годзе быў прызначаны духоўным настаўнікам РНЕ, быў з хлопцамі 3-4 гады. Тады гэтая арганізацыя не была забароненая. Праводзіў з імі духоўныя гутаркі, сустрэчы, хрысціў, вянчаў. (...) Нічога ганебнага адразу не ўбачыў, а потым мне здалося, што яны сталі дэструктыўнымі, пра што я далажыў Філарэту. Мы з імі спынілі кантакт, пазней іх прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, - распавядаў Бурыкін у судзе падчас допыту.

Апошнія навіны