BE RU EN

Адэля Вольская: Мне проста прыемна будзе выступіць на такім свяце

  • 19.03.2018, 21:01

Адэля ўжо стэлефанавалася з бацькам і ўзгадніла песні, якія выканае на канцэрце на Дні Волі.

Дачка Лявона Вольскага, Адэля, выступіць на Дні Волі на канцэрце ля Опернага тэатра ў Менску. Цікава, што такую прапанову аднаму з арганізатараў свята - Паўлу Белавусу, зрабіў на старонцы Адэлі ў Фэйсбуку адзін з яе сяброў. Ён напісаў, што калі Лявон па аб'ектыўных прычынах не можа ў гэты дзень быць у Менску, было б крута, каб замест бацькі ягоныя песні праспявала Адэля. Арганізатары падумалі, што ідэя добрая і паклікалі дзяўчыну, паведамляе «Еўрарадыё».

«Я пагадзілася, таму што гэта добрая акцыя: чаму б не? Мне проста прыемна будзе выступіць на такім свяце. Вядома, шкада, што майго бацькі не будзе. Але я наважыла павесяліцца і адзначыць гэтае свята з усімі», - распавядае Адэля.

Адэля ўжо стэлефанавалася з бацькам і ўзгадніла песні, якія выканае на канцэрце. Кажа, што праспявае некалькі сваіх кампазіцый і некалькі татавых. Якія - сакрэт! Дзяўчына кажа, што хвалявання перад канцэртам не адчувае.

«Вядома, заўсёды ёсць стрэс, гэта нармальна. Але неяк асабліва выступаць перад вялікай колькасцю публікі я не баюся. Прынамсі, цяпер. Магчыма потым у гэты час і буду перажываць, але я адносна ведаю, як гэта бывае», - смяецца Адэля Вольская.

25 Сакавіка Лявон Вольскі збіраецца святкаваць Дзень Волі ў Беластоку разам з беларусамі Падляшша. На канцэрце ў Менску ён з'явіцца праз тэлемост. Але, кажа Адэля, сямейнага дуэта чакаць не варта, бо Лявон гэтага не любіць. Хоць, усміхаецца дзяўчына, калі раптам усё ж такая прапанова ад бацькі паступіць, то яна з радасцю яе прыме.

Акрамя Адэлі Вольскай у канцэрце #БНР100 возьмуць удзел гурты Akute, РСП, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Юры Сатыльскі, Dzieciuki і іншыя.

Апошнія навіны