BE RU EN

Расейскага пасла выклічуць у МЗС Швецыі праз «Навічок»

  • 19.03.2018, 18:44

МЗС Швецыі 20 сакавіка выкліча пасла РФ праз заявы прадстаўніцы расейскага МЗС Марыі Захаравай.

МЗС Швецыі 20 сакавіка выкліча пасла Расеі Віктара Татарынцава праз сцвярджэнні прадстаўніцы расейскага МЗС Марыі Захаравай, што ў гэтай краіне вялася праца над атрутай «Навічок», паведамляе «Медуза».

«Амбасадар Расеі будзе выкліканы ў МЗС праз расейскія абвінавачванні ў тым, што Швецыя магла быць крыніцай нервова-паралітычнага рэчывы, выкарыстанага пры замаху ў Солсберы», - заявіла прадстаўніца ведамства агенцтву Reuters.

Марыя Захарава зрабіла гэтую заяву 17 сакавіка ў эфіры «России-24».

«Найбольш імаверная крыніца паходжання гэтага хімікату з'яўляюцца тыя краіны, якія прыкладна з канца 90-х гадоў, у тым ліку дагэтуль праводзяць інтэнсіўныя даследаванні рэчываў з праекта «Навічок». ...> [Гэта] Вялікабрытанія, Славакія, Чэхія, Швецыя. З нагоды ЗША трэба таксама ставіць пытанне», - сказала яна. Падчас эфіру яна таксама заявіла, што гэта пацвярджаецца шматлікімі адкрытымі крыніцамі.

Кіраўніца МЗС Швецыі Маргат Вальстрэм назвала гэта сцвярджэнне «непрымальным і беспадстаўным». У міністэрствах замежных спраў Чэхіі і Славакіі заявілі, што гэтыя краіны не займаюцца стварэннем хімічнай зброі.

Нервова-паралітычным рэчывам пад назвай «Навічок», на сцвярджэнне ўладаў Вялікабрытаніі, былі атручаныя ў ангельскім Солсберы былы супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль, асуджаны ў Расеі за дзяржаўную здраду, і ягоная дачка Юлія. Яны знаходзяцца ў коме.

Расея адмаўляе, што калі-небудзь працавала над хімічнай зброяй пад такой назвай. Расейскія дыпламаты сцвярджаюць, што распрацоўкі вяліся на Захадзе з удзелам савецкіх і расейскіх навукоўцаў, якія з'ехалі з краіны.

Апошнія навіны