BE RU EN

За што ўзнагароджвалі «Оскарам» 65 гадоў таму

  • 19.03.2018, 12:30

Хто натхніў Стывена Спілберга стаць тым, кім ён ёсць цяпер.

19 сакавіка 1953 года ўпершыню тэлерадыёкампанія NBC ажыццявіла тэлевізійную трансляцыю цырымоніі ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» на ЗША і Канаду, піша «Витебский курьер».

Тады найлепшым стаў фільм «Найвялікшае шоў свету» рэжысёра Сесіла Б. ДэмМіля. У ім ідзе аповед пра самае гіганцкае перасоўнае цыркавое шоў на планеце, у якім удзельнічалі адначасова больш за дзве тысячы чалавек, актораў і асістэнтаў. Усё грандыёзнае відовішча размяшчалася пад велізарным нацяжным шатром адначасова на трох арэнах і ўбірала тысячы гледачоў. Небывалая колькасць дзікіх жывёл, дэкарацый і тэхнічных сродкаў перавозілася ва ўсёй Амерыцы адмысловымі чыгуначнымі саставамі.

Гэтая кінастужка атрымала яшчэ «Оскар» за найлепшы сцэнар гульнявога фільма.

Імя Сесіла Б. ДэмМіля звязваюць з галівудскімі суперпастаноўкамі. Ягоны фільм «Дзесяць запаведзяў», маштабная відовішчная кінастужка пра зыход габрэяў з Егіпта, знаходзіцца на пятым месцы ў касавых зборах за ўсю гісторыю амерыканскага кіно.

«Найвялікшае шоў свету» быў першым фільмам, які ўбачыў рэжысёр і прадусар Стывен Спілберг. Ён называе гэтую стужку адным з галоўных натхненняў, якія прывялі яго да працы ў кінаіндустрыі.

Прэмія за найлепшую мужчынскую ролю дасталася легендарнаму галівудскаму актору Гэры Куперу (вестэрн «Роўна апоўдні»). Гэта быў для яго ўжо другі «Оскар», у 1942 году Гэры Купер быў узнагароджаны за ролю ў фільме «Сяржант Ёрк». Усяго ў ягоным паслужным спісе больш за сто роляў. У 1961 году актор атрымаў яшчэ аднаго, ганаровага «Оскара», калі ўжо быў невылечна хворы.

Найлепшая жаночая роля ў Шырлі Бут (сямейная драма «Вярніся, малы Шэба»). Акторцы ўдаўся вобраз надакучлівай, але клапатлівай Лолы, якая цяжка перажывае пакуты свайго каханага мужа, а таксама страту свайго сабачкі Шэбы. Партнёрам у фільме у Бут быў вядомы актор Берт Ланкастэр.

Шырлі Бут - тэатральная акторка. У кіно выконвала ролі другога плана (напрыклад, у вядомым фільме «Філадэльфійская гісторыя», 1940), таму больш значныя ролі сыходзілі да яе больш маладой праціўніцы - Кэтрын Хепбёрн. Каб спаборнічаць з ёй нароўні, яна нават збавіла свой узрост на дзесяць гадоў. Калі ёй упершыню выпала выканаць галоўную ролю ў галівудскім фільме, Бут было ўжо 54 гады. Атрыманне «Оскара» ў такім узросце было ў тыя гады выключным з'явай.

Найлепшы рэжысёр - Джон Форд, фільм «Ціхі чалавек». Амерыканскі баксёр Шон Торнтан вяртаецца да сябе на радзіму ў Ірландыю, дзе кахае цудоўную дзяўчыну. Але яму даводзіцца змагацца за сваё каханне, у тым ліку і ўжываючы баксёрскія навыкі.

Джон Форд - адзіны ў гісторыі ўладальнік чатырох «Оскараў» за найлепшую рэжысуру.

1936 - «Інфарматар»;

1941 - «Гронкі гневу»;

1942 - «Як зялёная была мая даліна»;

1953 - «Ціхі чалавек».

Больш за ўсё «Оскараў», пяць, сабрала драма «Злыя і прыгожыя» рэжысёра Вінцэнта Міннеллі. У галоўных ролях здымаліся Лана Тэрнер і Кірк Дуглас. Гэта гісторыя ўзлёту і падзення галівудскага прадзюсара.

1. Лепшая жаночая роля другога плана (Глорыя Грэм).

2. Лепшы адаптаваны сцэнар.

3. Лепшая праца аператара (чорна-белыя фільмы).

4. Лепшая праца мастака (чорна-белыя фільмы).

5. Лепшая праца мастака па касцюмах (чорна-белыя фільмы).

Апошнія навіны