BE RU EN

Беларускі гіравік устанавіў 155-ы рэкорд за кар'еру

  • 17.03.2018, 19:27

Чарговае дасягненне ён устанавіў у Асіповічах.

Вядомы беларускі гіравік Вячаслаў Харанека ўстанавіў 155-ы рэкорд за сваю кар'еру, паведамляе БелТА.

Чарговае дасягненне ён устанавіў у Асіповічах, дзе праходзіць міжнародны турнір у гіравым спорце, на які сабраліся больш за сто атлетаў з Беларусі, Расеі і Літвы.

Упершыню ў ходзе гэтых спаборніцтваў праводзіўся Кубак Вячаслава Харанекі ў адцісканні 32-кілаграмовай гіры лежачы цягам 30 хвілінаў. У гэтым турніры ў вагавой катэгорыі да 78 кг першае месца заняў Уладзімір Дзям'янаў (універсітэт МНС) – 748 уздымаў. У катэгорыі больш за 85 кг найлепшым стаў Антон Шнітко – 537 уздымаў.

Вячаслаў Харанека, які выступаў за каманду «Эпам Сістэмз», стаў найлепшым у катэгорыі да 85 кг. За 30 хвілінаў ён змог падняць гіру 880 разоў. Гэта новае нацыянальнае дасягненне і 155-ы рэкорд атлета за кар'еру.

Спаборніцтвы ў Асіповічах праходзяць у фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Юнацтва». Таксама ў ходзе спаборніцтваў будуць разыграныя медалі адкрытага чэмпіянату Беларусі і першынство краіны ў гіравым марафоне.

Апошнія навіны