Радавыя пра прапаршчыка, якога судзяць за дзедаўшчыну: Прыходзіў пасля адбою ў казарму з электрашокерам
- 14.03.2018, 23:05
Для выхавання байцоў прапаршчык выкарыстаў то вострае слоўца, то які-небудзь прадмет.
У Барысаве прадаўжаецца суд над 25-гадовым прапаршчыкам Ігарам Хішчанкам з 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Для выхавання байцоў, паводле матэрыялаў справы, ён выкарыстаў то вострае слоўца, то які-небудзь прадмет (ад скрутка газет да электрашокера). Але не ўсе былыя жаўнеры, якія цяпер праходзяць як сведкі, бачаць у гэтым праблему, піша tut.by.
Абвінавачаны прапаршчык усё яшчэ адмаўляецца выступаць у судзе. Вядома, што на следстве ён прызнаў віну часткова. Тлумачыў, што ўжываў забароненыя статутам метады, каб дамагчыся сярод салдат дысцыпліны. «Пазачарговы нарад на іх не дзейнічаў, у звальненне яны ўсё адно не маглі хадзіць. Трэба было неяк уздзейнічаць, а словы да іх не даходзілі», — тлумачыў ён.
Яго абвінавачваюць у тым, што абражаў жаўнераў словамі, перавышаў паўнамоцтвы (напрыклад, біў партупеяй або указкай), браў хабар (адпускаў у буфет, а ўзамен прасіў цыгарэт, піцу ці колу).
Пацярпелых ужо дапыталі (усяго 18 хлопцаў), працягваюць слухаць сведак. Ва ўсіх пытаюцца: як ставіліся да таго, што адбываецца?
22-гадовы работнік «Энерганагляду» Максім Цэханаў апісвае прапаршчыка патрабавальным і часам гарачым чалавекам. Памятае, як той прыходзіў пасля адбою ў казарму з электрашокерам.
— Прайшоў па цэнтральным праходзе паміж ложкаў і некаторых «ударыў». [Калега] Камар з ложка падарваўся і пабег.
— А ў чым была прычына? Можа, перашкаджалі адпачываць або знаходзіліся не ў ложках? — удакладніў суддзя Аляксей Болатаў.
— Быццам і не было прычын.
А калі была прычына (накшталт размоў у строі), то аддавалася каманда «прабіць лася». Правініўся складваў рукі на лбе і атрымліваў туды ўдар кулаком ад прапаршчыка. Усё гэта рабілася не са зла, кажа сведка.
— А калі б вас так пакаралі?
— Прыемнага мала, так. Але перацярпеў бы.
Калі пракурорка Кацярына Мельнікава пытаецца пра ўдары партупеяй, хлопец усміхаецца. Тлумачыць: так прапаршчык усяго толькі «падганяў» жаўнераў, якія доўга збіраліся на заняткі. А пустыя ложкі перакульваў — калі беспарадак у казармах.
— Радавога Кучара ведаеце? Як яго прымусілі з'есці цыбуліну?
— Ён схадзіў другі раз па ежку, і пра гэта даведаўся прапаршчык.
— А ў статуце дзесьці прадугледжана, што, калі з'еў дзве порцыі, трэба пакараць? — спытаў суддзя.
— Не ведаю такога.
Хлопец дадаў, што іншыя старэйшыя рангам так сябе не паводзілі. Пасля «вучэбкі» з Печаў ён служыў у Мачулішчах, там такога не здаралася.
У судзе выступіў і 21-гадовы выратавальнік з Маладзечна Аляксей Шарлан. Прапаршчыка ахарактарызаваў як не слабахарактарнага, а строгага: «Можна быць камандзірам».
Як вынікае са сведчанняў, Хішчанка мог ударыць па плячах папяровым скруткам, калі брудныя з палігона байцы хацелі памыцца перад заняткамі.
— Разумееце, расклад. Дапусцім, можна памыцца з 7 да 8. Трэба чакаць, і ён выганяў. У яго не было мэты збіць, толькі падагнаць, — разважае сведка.
З ягоных слоў, калі хто і атрымліваў у лоб дзеля забавы («ну, не дзеля забавы для таго, каго білі»), нянавісці да прапаршчыка не было. Мог даць фізічную нагрузку па-за заняткамі, калі салдаты не выконвалі каманду шыхтавацца.
А вылаяцца абвінавачаны мог за хібы ўсякія. Напрыклад, на салдата Гаручку, які на аўто «збіў плот чыйгосьці лецішча».
— [Прапаршчык] не вельмі адрэагаваў на гэта.
— Як? — удакладніла пракурор.
— Словамі па-руску. У нецэнзурнай форме.
— А ў чым сутнасць слоў, калі ў прыстойнай форме?
— Крыварукі.
На допытах сведка таксама згадваў, што за шум пасля адбою Хішчанка неяк перакуліў ложак з ляжалым на ім байцом. Той стукнуўся галавой. Але камусьці з камандавання, кажа хлопец, жаўнеры на ўсё гэта не скардзіліся. І тлумачыць чаму:
— Гэта ж не здзекі моцныя. ( ... ), Бывала, пад настрой, але ў асноўным — за правіны. Не зусім норма. Але лепш адзін раз «лася» атрымаць, чым дзень у шыхце.
— Разумею, за рамкамі статутных дачыненняў. Але, на вашую думку, наколькі гэта стаўленне да байцоў было ненармальным? — удакладніла адвакатка абвінавачанага.
— Вядома, непрыгожа. Але для дысцыпліны часам трэба. Не «лось» або партупея, але патрэбна строгасць.
— Дык вы кажаце, што ён прапаршчык быў строгі. У чым гэта выяўлялася? У «ласі», электрашокеры? Як заваёўвалі аўтарытэт камандзіра?
Сведка прамаўчаў.
— Пра абразы. А вы не бачыце ў побыце, колькі лаянкі? — удакладніла адвакатка.
— Усюды.
— У звычайным жыцці ён хаця б можа абараніць свае правы, — заўважыў суддзя.
Яшчэ адзін сведка — 21-гадовы Віталь Тарасюк, які працуе ў сферы ЖКГ у Гомелі.
Ён неахвотна згадвае: калі хадзілі ў буфет, заадно збіраліся па «тысячы 2-5» прапаршчыку на цыгарэты. З павагі або за дазвол пайсці — хлопец кажа, яго не цікавіла. Для яго гэта была дробязь, бацькі дапамагалі грашыма.
— А калі ў іншых адпрошваліся ў буфет, вы збіраліся грашыма?
— Не, ніколі.
Нагадаем, вайскоўцу выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1, 2 арт. 430 (Атрыманне хабару паўторна), арт. 444 (Абраза начальнікам падначаленага ў сувязі з выкананнем абавязкаў вайсковай службы), ч. 1 арт. 455 (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 455 (Перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам), а таксама паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 455 (Замах на перавышэнне ўлады або паўнамоцтваў).
Калі за абразу жаўнераў яму пагражае толькі арышт на некалькі месяцаў, то за перавышэнне паўнамоцтваў або хабары — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Гэта справа не звязаная са смерцю Коржыча, хоць была заведзеная пасля татальнай праверкі ў частцы.