BE RU EN

РФ зноў перадумала забараняць беларускае малако

  • 14.03.2018, 21:29

Рассельгаснагляд не будзе ўводзіць 15 сакавіка забарону на пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі.

Пра гэта, як піша ТАСС, паведаміла журналістам афіцыйная прадстаўніца Рассельгаснагляду Юлія Мелана.

«Рассельгаснагляд прыняў пастанову не ўводзіць з заўтрашняга дня забарону на ўвоз малочнай сыравіны з тэрыторыі Беларусі. Разам з тым на будучым тыдні служба правядзе інспекцыю беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць малочную прадукцыю на тэрыторыю Расеі на прадмет выканання расейскіх патрабаванняў і нормаў», - сказала Мелана.

Гэта ўжо трэці перанос тэрмінаў увядзення забароны. У Рассельгаснаглядзе сённяшнюю пастанову не каментуюць. Аднак раней кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт і зусім не выключыў, што краіны могуць абысціся без увядзення абмежаванняў.

«Мы з імі цяпер узгоднім механізм правядзення інспекцый, гэтым займаецца мой намеснік. І цалкам імаверна, што і не будзем зачыняць [увоз малочных прадуктаў]. Таму што калі з наступнага тыдня паедзем на інспектаванне таго, што выклікае ў нас падазрэнне, мы знойдзем агульную мову. Мы ў працэсе», - сказаў Данкверт у кулуарах Усерасейскага форуму сельгасвытворцаў.

Напярэдадні Беларусь прапанавала Расеі прыняць дарожную карту для ўрэгулявання пытанняў у пастаўках малака. Як распавёў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, у найбліжэйшы час у Маскве для абмеркавання гэтага пытання запланаваная сустрэча на ўзроўні віцэ-прэм'ераў.

Нагадаем, Расея вырашыла ўвесці забарону на пастаўку з Беларусі малочнай сыравіны «ў сувязі з паступленнем небяспечнай малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею» з 26 лютага. Затым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка. Пазней - на 15 сакавіка. З рэзкай крытыкай рашэння Масквы выступіла ЕЭК, заявіўшы, што ў Рассельгаснагляду няма падстаў для ўвядзення абмежаванняў на ўвоз прадукцыі з тэрыторыі ўсёй краіны. У адказ на гэта Рассельгаснагляд абвінаваціў Беларусь у пастаўках санкцыйнай прадукцыі і фальсіфікату - у тым ліку і «сырнага прадукту».

Расейскія СМІ неаднаразова пісалі пра тое, што закрыццё паставак сухога малака з Беларусі сапраўды выгадна расейскай сушыльнай галіне, у якой назапасіліся вялікія складскія запасы. На карысць гэтай версіі сведчыць і тое, што абмежаванні Расея ўвяла толькі на беларускую сыравіну - да зробленых з яго ж гатовых прадуктаў прэтэнзіі і абмежаванні па-ранейшаму бываюць кропкавыя.

1 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца з праблемнымі пытаннямі паставак беларускага малака ў Расею. А ўжо на наступны дзень прэзідэнт Беларусі назваў сітуацыю з беларускім малаком «нахабным палітычным інструментам». Пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў у нядаўнім інтэрв'ю прызнаў перыядычныя перагіны ў дзеяннях Рассельгаснагляду.

Апошнія навіны