BE RU EN

Атручванне Скрыпаля: Пуцін можа «згарэць» у гэтым працэсе

За тым, што адбываецца вельмі ўважліва сочыць NATO.

Скандал вакол атручвання ў Вялікабрытаніі выведніка Сяргея Скрыпаля разгараецца - прэм'ерка краіны Тэрэза Мэй дала Расеі час да вечара аўторка, 13 сакавіка каб патлумачыць, як нервова-паралітычны рэчыва "Навічок", якое выкарысталі супраць Скрыпаля і ягонай дачкі, патрапіла на брытанскую тэрыторыю. Калі гэтага не будзе, Брытанія будзе трактаваць атручэнне як незаконнае выкарыстанне сілы Расеяй супраць Злучанага Каралеўства, і ўжо ў сераду Лондан гатовы будзе абвясціць пра захады ў адказ.

Расейскі фінансіст і блогер Слава Рабіновіч растлумачыў "Апострафу", якімі могуць быць гэтыя захады і чаму прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін можа згарэць у пекле працэсу, які ён жа і запусціў:

- На патрабаванні брытанскай стараны адказ ад Расеі [з нагоды атручвання Сяргея Скрыпаля] павінен паступіць не пазней за сённяшні дзень. Ужо былі заявы, зробленыя ЗША, супольныя заявы Тэрэзы Мэй і Эмануэля Макрона пра тое, што адказ Лондана будзе скаардынаваны з найбліжэйшымі хаўруснікамі Вялікабрытаніі. Сказанае Тэрэзай Мэй у брытанскім парламенце - гэта фактычна ўльтыматум, які не мае падвойнага дна. Словы, якія яна выкарыстала, можна браць на веру, яны былі выкарыстаныя ў першасным сэнсе, у тым ліку пра тое, што, калі Расея не падасць пераканаўчых аргументаў з нагоды іншых версій, то гэта з'яўляецца незаконным выкарыстаннем сілы іншай дзяржавай супраць Злучанага Каралеўства.

Незаконнае выкарыстанне сілы супраць Злучанага Каралеўства іншай дзяржавай пацягне за сабой і ўсе адпаведныя наступствы, уключаючы скаардынаваныя з найбліжэйшымі хаўруснікамі Вялікабрытаніі дзеянні. Я хацеў бы спадзявацца, што будуць накладзеныя персанальныя санкцыі на Пуціна. Але гэта толькі мая надзея, а не ўпэўненасць.

Думаю, што людзі, якім сёння дакладна не па сабе, - гэта [расейскі алігарх] Раман Абрамовіч і, з яшчэ большай імавернасцю, [першы намеснік кіраўніка ўрада РФ] Ігар Шувалаў. Траплянне пад персанальныя санкцыі такіх людзей будзе азначаць не толькі ануляванне іх віз і забарону на ўезд у гэтыя краіны, але і замарожванне іхніх актываў. Паверце, там ёсць што страчваць.

Мне здаецца, што на нашых вачах не проста разгортваецца дыпламатычны скандал - гэта абсалютна беспрэцэдэнтны з часоў Другой сусветнай вайны акт агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць краіны-чальца NATO, краіны-чальца "Вялікай сямёркі". І гэты напад зроблены такім спосабам, што і NATO, думаю, глядзіць на сітуацыю вельмі ўважліва. Таму што выкарыстаныя баявыя смяротныя нервова-паралітычны рэчывы адной дзяржавай супраць Вялікабрытаніі, чальца NATO, і статут Альянсу расцэньвае гэта як напад на ўвесь Альянс. Гэта вельмі сур'ёзныя рэчы: такога я не памятаю, проста таму, што такога не было.

Не трэба забываць яшчэ і тое, што вытворчасць гэтых рэчываў забароненая. І Расея паставіла свой подпіс пад забаронай. Пуціну давядзецца адказаць не толькі за тое, што гэтае рэчыва было выкарыстанае супраць Вялікабрытаніі, але і за тое, што яно наогул існуе. Я думаю, гэта будзе частка комплекснага адказу Вялікабрытаніі і яе супольнікаў.

Адпаведна, я зычу Уладзіміру Пуціну згарэць у пекле працэсу, які будзе запушчаны. Марыя Захарава падліла сапраўднай газы ў гэты агонь, заявіўшы, што выступ Тэрэзы Мэй - гэта чарговы цырк у брытанскім парламенце. У гэтых абставінах яна сваім тэкстам абразіла вышэйшыя органы брытанскай улады. Шчыра кажучы, не памятаю, каб дыпламаты ці так званыя дыпламаты якіх-небудзь краін лаяліся ў такіх тонах. Гэта прэрагатыва, магчыма Садама Хусэйна перад павешаннем або тыпажоў накшталт Муамара Кадафі і Кім Чэн Ына. Але, увогуле, паколькі рыба гніе з галавы і сам Пуцін ператварыўся ў дыктатара, які палохае ўвесь свет "ядзернай дубінай", ад пуцінскіх халуёў іншага чакаць не даводзіцца.

Апошнія навіны