Генадзь Фядыніч: Будзем намагаць увядзення санкцый супраць уладаў Беларусі
- 14.03.2018, 8:07
Улады перайшлі «чырвоную рысу» ў стасунках з незалежнымі прафзвязамі.
Пад 21.00 намесніка старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэя Стрыжака і рэдактара сайта praca-by.info Яўгена Стрыжака затрымалі на памежным пераходзе «Каменны Лог». Яны вярталіся рэйсавым аўтобусам з Літвы. Вядома, што актывістаў выклікалі для паглыбленага надгляду, але прычыны не паведамілі.
Андрэй Стрыжак распавёў «Белсату», што звязвае затрыманне з пераследамі Незалежнага прафзвязу РЭП:
«Калі памежнік сказаў нам выйсці з аўтобуса, то не паказаў ніякага дакумента, не патлумачыў, на якой падставе нас затрымліваюць. На маіх вачах яны пагаварылі праз тэлефон з намеснікам начальніка мытні, бо для паглыбленага надгляду патрэбная адпаведная пастанова. На момант затрымання гэтай пастановы не было - яе афармляюць проста цяпер».
Незадоўга да гэтага інцыдэнту на беларускай-літоўскай мяжы былі затрыманыя намесніца старшыні РЭП Зінаіда Міхнюк і сукаардынатарка моладзевай сеткі Ганна Дусь.
Кіраўнік прафзвязу Генадзь Фядыніч пракаментаваў praca-by.info актывізацыю пераследу актывістаў РЭП:
«Прафзвяз РЭП - гэта адная з арганізацый, якая не толькі крытыкуе, але і выступае з прапановамі да ўрада. І тое, што сёння адбываецца з прафзвязам - гэта сапраўдны генацыд. Мы будзем намагаць увядзення санкцый супраць уладаў Беларусі, калі пераслед арганізацыі не спыніцца. Мы дзейнічаем для людзей працы і нас не трэба чапаць!»
Паводле апошняй інфармацыі, пасля некалькіх гадзін паглыбленага надгляду актывістаў Андрэя і Яўгена Стрыжакоў адпусцілі. А 23.50 яны пакінулі памежны пункт «Каменны Лог».