BE RU EN

З калоніі ў Горках збег расеец

  • 13.03.2018, 14:34

Асуджаны здабыў пашпарт і на таксоўцы з'ехаў дадому.

З калоніі-пасялення №16 у Горках збег асуджаны за п'янае ДТЗ 42-гадовы грамадзянін Расеі. Як паведамляе расейскі тэлеграм-канал Mash, яму ўдалося «дастаць свой пашпарт, абыйсці ахову, злавіць таксоўку і даехаць на ёй у Расею».

Гаворка ідзе пра вінаватага смяротнага наезду на 47-гадовага раварыста ўначы 19 чэрвеня мінулага года ў Крычаўскім раёне каля вёсцы Зуяў. Грамадзянін Расеі на VW ехаў дарогай Крычаў - Ворша - Лепель, у нейкі момант пайшоў на абгон аўтамабіля і збіў веласіпедыста, які ехаў па абочыне сустрэчнай паласы на ровары з флікерамі. Той ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.

Кіроўца VW быў п'яны.

У кастрычніку 2017 года суд вынес вінаватаму аварыі прысуд: 4 гады калоніі-пасялення і пазбаўленне пасведчання на 5 гадоў, паведамляе «Наша Нiва».

Аднак надоўга расеец у калоніі не затрымаўся: як паведамляе Mash, яму ўдалося «дастаць свой пашпарт, абыйсці ахову, злавіць таксоўку і даехаць на ёй у Расею». Расейскія праваахоўныя органы там мужчыну затрымалі, але беларусам не выдалі. Больш за тое, «у турму Аляксандр не сеў, спакойна жыве на волі, займаецца бізнэсам», паведамляе Mash.

У калоніі-пасяленні №16 у Горках «Нашай Нiве» пацвердзілі, што мужчына сапраўды збег - яшчэ ў лютым. Але паведаміць падрабязнасці адмовіліся.

Апошнія навіны