Фотафакт: Беларусы выйшлі на стыхійны мітынг у цэнтры Менска
- 9.02.2018, 9:30
Гісторыя салідарнасці з актывістамі, якія ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг над выканкамам.
У інтэрнэце на сайце vytoki.net з'явіліся архіўныя фатаграфіі акцыі салідарнасці з палітвязнямі - Аляксеем Шыдлоўскім і Вадзімам Лабковічам, якая адбылася ў цэнтры Менску 20 гадоў таму.
Аўтар фатаграфій - Уладзімір Сапагоў. У поўным аб'ёме фатаграфіі апублікаваныя ўпершыню.
25 жніўня 1997 года ў Стоўбцах быў затрыманы актывіст «Маладога фронту» Аляксей Шыдлоўскі, а 27 жніўня 1997 года - Вадзім Лабковіч.
Іх абвінавацілі ў напісанні на сцяне Стаўбцоўскага райвыканкама «Жыве Беларусь!»і «Пазьняк - наш прэзідэнт», на помніку Дзяржынскаму надпіс: «Кат», а таксама ў замене над райвыканкамам афіцыйнага сцяга на нацыянальны, - акцыя называлася «Горад наш!».
У лютым 1998 года падчас суда над палітвязнямі стыхійная акцыя салідарнасці прайшлі на скрыжаванні вуліц Леніна і Кірава ў Менску.