BE RU EN

Дольнікі ў шоку: даўгабуд у цэнтры Менска зруйнуюць

У даўгабуд дольнікі ўклалі $6,5 мільёнаў.

Шматпакутны даўгабуд у межах вуліц Інтэрнацыянальная — Гарадскі Вал — Рэвалюцыйная, у будаўніцтва якога дольнікі ўклалі мільёны даляраў уласных сродкаў, усё ж зруйнуюць. «На сённяшні дзень прынятая пастанова пра дэмантаж існых канструкцый і падрыхтоўкі пляцоўкі для правядзення аўкцыёну на права яе забудовы. Пляцоўка будзе перадавацца будучаму забудоўніку або інвестару без якіх-небудзь абцяжаранняў. Паводле пастановы Менгарвыканкама, гэтым будзем займацца мы», — распавёў tut.by галоўны інжынер КУП «Менская спадчына» Міхаіл Жых.

ГЭТЫ БУДЫНАК ЗАХАВАЕЦЦА, А ДАЎГАБУД У ДВАРЫ — ЗРУЙНУЮЦЬ

«Прынятая пастанова абсалютна правільная»

Са слоў Міхаіла Жыха, да руйнавання плануюць прыступіць пасля таго, як будуць праведзеныя таргі для выбару праектнай арганізацыі, якая распрацуе дакументацыю на дэмантаж існых канструкцый. Гэта адбудзецца найбліжэйшым часам.

Нагадаем, даўгабуд першапачаткова складаўся з двух частак: трохпавярховага будынка з мансардай на Інтэрнацыянальнай, 3 і даўгабуду ў двары. Руйнаваць будуць даўгабуд, пра будучую тэхнічную праверку якога Міхаіл Жых казаў яшчэ ў верасні мінулага года. Вынікі праверкі павінны былі паказаць, ёсць неабходнасць у руйнаванні або не.

ГЭТЫ ДАЎГАБУД ПАСТАНАВІЛІ ЗРУЙНАВАЦЬ, А ПЛЯЦОЎКУ ВЫСТАВІЦЬ НА АЎКЦЫЁН ДЛЯ НАСТУПНАЙ ЗАБУДОВЫ

— Будынак на Інтэрнацыянальнай, 3 захоўваецца, — запэўніў Міхаіл Жых. — У яго ёсць канкрэтны забудоўшчык — кампанія «Слаўгандальінвест», якая займаецца распрацоўкай праекта рамонту будынка і наступнага ўводу ў эксплуатацыю.

— Што рабіць дольнікам, якія гатовыя былі паўторна заплаціць грошы, каб дабудаваць будынак?

— У іх было права дабудаваць будынак, але яны ім не скарысталіся. Таму цяпер гаворка ідзе аб новым будаўніцтве на гэтым месцы. Яны даверылі сродкі Дзямчуку, хай з ім і разбіраюцца. І горад, і дзяржава не могуць столькі часу трываць нейкія рознагалоссі асоб, якія тады ўваходзілі ў долевае будаўніцтва. Зямля ў цэнтры горада не можа знаходзіцца ў такім занядбаным стане. Мы перыядычна прыводзім гэтую тэрыторыю ў парадак, хоць яна і не належыць «Менскай спадчыне». Таму прынятая пастанова абсалютна правільная.

Дольнікі: «Крыўдна, што да нас ставяцца як да тлустых катоў»

Навіну аб руйнаванні дольнікі даўгабуду ўспрынялі вельмі негатыўна. Яшчэ ў 2015 годзе 78 чалавек пісалі адкрыты ліст з просьбай дазволіць за ўласныя грошы дабудаваць бізнэс-цэнтр. Дзеля гэтага людзі гатовыя былі заплаціць паўторна, нягледзячы на тое, што ў перыяд з 2003 да 2005 год аддалі на будоўлю амаль 36 мільярдаў рублёў — гэта 16,8 мільёна даляраў (паводле курсу на момант аплаты). З іх рэальна на будаўніцтва бізнэс-цэнтра сышло 6,5 мільёна даляраў.

КАНСТРУКЦЫІ ДАЎГАБУДУ

Нагадаем, гісторыя дольнікаў бізнэс-цэнтра «Верхні горад» стала рэзананснай, калі адзін з сузаснавальнікаў ТАА «Сулона» Сяргей Дзямчук атрымаў тэрмін за тое, што прысвоіў грошы дольнікаў. Увосень 2016 года зямля ў «Сулоны» была канфіскаваная Менгарвыканкамам для наступнага продажу з аўкцыёну.

Да гэтага ашуканыя дольнікі рабілі некалькі спроб дабудаваць будынак, але ў іх нічога не выйшла.

— Мая родная сястра ў 2005 годзе ўзяла 202,5 тысячы даляраў у крэдыт у банку, каб заплаціць за памяшканне 185 квадратных метраў на сёмым паверсе. За тры гады будоўлі, якая так і не зрушылася з месца, яна заплаціла 68 тысяч даляраў у якасці адсоткаў за крэдыт, — распавёў старшыня ўправы ГА «Абарона правоў дольнікаў бізнэс-цэнтра «Верхні горад».

Дольніца Святлана дзеля офіса ў цэнтры горада прадала трохпакаёвую кватэру і гараж.

— Ведаю многіх, хто прадаваў кватэры, браў крэдыты да ста тысяч даляраў — на той момант гэта была вельмі вялікая сума для кожнай кампаніі. Кожны з нас укладваў грошы, разглядаючы гэты аб'ект у якасці добрых інвестыцый, — распавяла Святлана. — Мы разумелі, што калі не дабудуем, то грошы знікнуць. Нават гатовыя былі плаціць паўторна, каб закончыць будаўніцтва бізнэс-цэнтра.

«Калега» ў няшчасці Яраслаў прадаў бацькоўскі дом, каб стаць уласнікам 50 квадратных метраў бізнэс-цэнтра «Верхні горад».

— Крыўдна, што ў гэтай сітуацыі выканкам глядзіць на нас, як на тоўстых катоў. Але ў будаўніцтва я ўклаў усю спадчыну. А цяпер атрымліваецца, што мяне ўсяго пазбавяць.

Старшыня ўправы «ГА «Абарона правоў дольнікаў бізнэс-цэнтра «Верхні горад» перакананы, што калі горад зруйнуе даўгабуд, то ў дольнікаў адбяруць адзіную магчымасць атрымаць кампенсацыю шкоды.

— Зруйнуюць — і атрымаецца, што ў зямлю проста так закапалі 6,5 мільёна даляраў. Пры гэтым у нас забралі і частку будынка на Інтэрнацыянальнай, 3. Як? ТАА «Сулоне» належала ў ім 13\25. У 2015-2016 годзе Менгарвыканкам адсудзіў у «Сулоны» гэтую частку. А паколькі ў 2012 годзе «ГА «Абарона правоў дольнікаў бізнэс-цэнтра «Верхні горад» выкупіла частку «Сулоны», то атрымліваецца, што гэту (частка будынка на Інтэрнацыянальнай, 3. — Заўв.) ужо забралі ў нас. Нам яшчэ адно незразумела: калі ў 2012 годзе арыштавалі Дземчука, то КДБ арыштаваў гэтыя 13\25 у мэтах кампенсацыі шкоды. Гэта значыць, з аднаго боку, накладзены арышт, а з другога — перамога ў судзе. І вось цяпер зруйнуюць даўгабуд — і ў нас нічога не застанецца, нават надзеі...

Даведка

Яшчэ ў 80-я гады ў дварах паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Гарадскі Вал горад пачаў будаваць гатэль. Праз раскіданне Саюза аб'ект ператварыўся ў даўгабуд, які ў 2001 годзе выкупіла ТАА «Сулона». Траціна гэтай кампаніі належала бізнэсоўцу Сяргею Дзямчуку, якога вясной 2015 года прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі за махлярства.

З ініцыятывы «Сулоны» гатэль перапрафілююць у бізнэс-цэнтр «Верхні горад», узвядзенне якога пачынаецца толькі ў 2005 годзе пасля працяглых затрымак з дакументамі і ўзгадненнямі. Сяргей Дзямчук прыцягвае да праекту інвестыцыі іншых фірмаў і ІП, абяцаючы ім офісы ў новым васьміпавярховым будынку.

За тры гады дольнікі пералічваюць ТАА «Сулона» амаль 36 мільярдаў рублёў — гэта 16,8 мільёна даляраў (паводле курсу на момант аплаты). З іх рэальна на будаўніцтва бізнэс-цэнтра сыходзіць 6,5 мільёна даляраў. Астатнія сродкі, згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Сяргей Дзямчук «пускае ў абарачэнне»: частка з іх ідзе на фінансаванне іншага аб'екта — жылога дома на вуліцы Кісялёва, а частку выдае ў якасці пазык юрыдычным асобам, якія таксама былі падкантрольныя бізнэсоўцу.

У канцы 2010 года дольнікі, пяць гадоў чакалі заканчэння будаўніцтва бізнэс-цэнтра, звяртаюцца да прэзідэнта з просьбай дазволіць самастойна дабудаваць аб'ект.

У 2012 годзе, скарыстаўшыся прапановай адміністрацыі Лукашэнкі, дольнікі ствараюць «ГА «Абарона правоў дольнікаў бізнэс-цэнтра «Верхні горад», выкупляюць частка ТАА «Сулона» і становяцца новым інвестарам бізнэс-цэнтра.

Усе планы мяняюцца праз арышт Сяргея Дземчука, бо на ўсе аб'екты, да якіх мелі дачыненне кантраляваныя ім кампаніі, накладзеныя арышты.

Некалькі спробаў дабудаваць аб'ект не мелі поспеху. Увосень 2016 года зямля ў «Сулоны» была канфіскаваная Менгарвыканкамам. І вось у лютым 2018 года становіцца вядома, што прынятая пастанова аб руйнаванні даўгабуду.

Апошнія навіны