BE RU EN

Бяздонныя санкцыі: «Турэцкі струмень» падаражэў для «Газпрама» да $7 млрд

Пошук замежных партнёраў ускладняецца для газавага манапаліста санкцыямі ЗША і краін Захаду.

Будаўніцтва газаправода «Турэцкі струмень», які праходзіць дном Чорнага мора з Расеі ў Турцыю, каштавацьме не $6 млрд, а $7 млрд. Пра гэта заявіў у чацвер, 8 лютага, на сустрэчы з інвестарамі ў Лондане, намеснік старшыні ўправы «Газпрама» Андрэй Круглоў, паведамляе Forbes са спасылкай на «Інтэрфакс».

Круглоў таксама распавёў пра тое, як будзе фінансавацца будаўніцтва «Турэцкага струменю», дапусціўшы магчымасць праектнага фінансавання. Хутчэй за ўсё, «Турэцкі струмень» будзе першапачаткова прафінансаваны з бюджэту «Газпрама». Надалей, удакладніў ён, новы газаправод можа быць рэфінансаваць за кошт выпуску праектных аблігацый, як гэта адбывалася з газаправодам «Паўночны струмень-1», які пракладзены дном Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну.

Нафтагазавы аналітык Райфайзэнбанка Андрэй Палішчук звязаў падаражэнне будаўніцтва «Турэцкага струменю» з агульным ростам кошту паслуг і труб, са змяненнем курсу рубля і уплывам санкцый з боку ЗША і краін Захаду.

Ён назваў вымушаным поўнае фінансаванне праекта за кошт бюджэту «Газпрама» або выпуску яго аблігацый. «Заўсёды лепш, каб былі іншыя партнёры ў схеме фінансавання. Так прасцей прыцягнуць грошы за мяжой і падзяліць рызыкі», - сказаў Палішчук.

У сітуацыі, якая склалася праз санкцыі, паводле ягоных слоў, знайсці партнёраў даволі цяжка і расейскі газавы манапаліст вымушаны браць усё фінансаванне на сябе. «Але пазыковая нагрузка на кампанію сёння даволі нізкая таму з гэтым не павінна быць асаблівых праблем», - мяркуе аналітык.

Андрэй Палішчук не выключае, што «Газпраму» атрымаецца знайсці партнёраў у фінансаванні «Турэцкага струменю» гэтак жа, як гэта было ў выпадку з газаправодам «Паўночны струмень». Справа, паводле ягоных слоў, не ў адсутнасці ахвотных прыняць удзел у праекце, а ва ўмовах, якія яны выстаўляюць у сувязі з тым, што «Газпрам», як і іншыя найбуйнейшыя расейскія кампаніі, апынуўся пад санкцыямі Захаду. На гэтым фоне ўсе хочуць велізарных прывілей, добрых ставак і звышпрыбыткаў. «Знайсці партнёраў заўсёды можна. Пытанне толькі ў тым, у чым «Газпраму» давядзецца саступіць», - сказаў аналітык.

Адмова ад «Паўднёвага струменю» за $25 млрд

Першапачаткова Расея планавала дыверсіфікаваць пастаўкі газу ў Еўропу і знізіць залежнасць ад транзіту праз тэрыторыю Украіны, пабудаваўшы газаправод «Паўднёвы струмень» дном Чорнага мора ў Балгарыю. Газаправод павінен быў мець чатыры ніткі прапускной здольнасцю 15,57 млрд куб м кожная. Падводны адрэзак газаправода меў бы працягласць 900 км.

На пачатковым этапе марская і наземная (еўрапейская) часткі «Паўднёвага струменю» ацэньваліся на €16,6 млрд, а расейская (трэба пабудаваць дадаткова 2 500 км лінейных газаправодаў да Анапы і 10 кампрэсарных станцый - праект «Паўднёвы калідор») - амаль на $2, 6 млрд (пазней гэтая сума вырасла на 80% - да $4,66 млрд).

У лістападзе 2014 года «Газпрам» паведаміў, што марскі і еўрапейскі адцінак «Паўднёвага струменю» істотна падаражэлі - з €10 млрд да € 14 млрд і з € 6,6 млрд да €9,5 млрд адпаведна.

Расея чакала атрымаць ад Балгарыі дазвол на будаўніцтва «Паўднёвага струменю». Але гэтага не адбылося праз умяшанне Еўразвязу. І 1 снежня 2014 года падчас візіту ў Турцыю прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што праект «Паўднёвы струмень» закрыты праз неканструктыўную пазіцыю Бруселя.

У той жа дзень старшыня ўправы газавага канцэрна Аляксей Мілер падпісаў пагадненне аб будаўніцтве газаправода да мяжы Турцыі. Новы праект атрымаў назву «Турэцкі струмень». Да таго моманту, як падлічыў Forbes, «Газпрам» правёў больш за 200 тэндараў і адабраў падрадчыкаў на 138,7 рублёў для «Паўднёвага струменю».

Апошнія навіны