BE RU EN

«Нямецкая хваля»: Апазіцыя ў Беларусі рыхтуецца да юбілею БНР

Улады Беларусі пакуль не адрэагавалі на запрашэнні ўзяць удзел у акцыях, прымеркаваных да 100-годдзя БНР.

Улады Беларусі пакуль не адрэагавалі на запрашэнні ўзяць удзел у акцыях, прымеркаваных да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), і не ідуць на кантакты з арганізатарамі святочных мерапрыемстваў. Пра гэта прадстаўнікі аргкамітэта мерапрыемстваў распавялі на прэс-канферэнцыі 8 лютага ў Менску, піша «Нямецкая хваля».

Тым не менш, у аргкамітэце чакаюць, што сталічныя чыноўнікі пагодзяцца з прапанаваным ім фарматам мерапрыемстваў.

Лёсавызначальная дата для Беларусі

Арганізатары святкавання стагадовых угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР - 25 сакавіка 1918 года - на прэс-канферэнцыі адзначылі гістарычную важнасць гэтай даты для Беларусі, бо менавіта з таго далёкага дня пачалася гісторыя сучаснага незалежнай беларускай дзяржавы. Да гэтага больш за 200 гадоў беларускія землі ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі і называліся Паўночна-заходнім краем. Акт 25 сакавіка 1918 года стаўся падставай таго, што бальшавікі вымушаныя былі пайсці на стварэнне Беларускай ССР у 1919 годзе.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч мяркуе, што без абвяшчэння БНР Беларусь у 1991 годзе, калі б была проста аўтаноміяй у складзе РСФСР, магла б «апынуцца ў статусе Башкартастана, Татарстана або Чувашыі». Сёння ж яна з'яўляецца суверэннай дзяржавай у цэнтры Еўропы.

Важна для апазіцыі і ўладаў

Са слоў сябра аргкамітэта для святкавання ўгодак БНР і прадстаўніка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага, гэтая дата павінна стаць знакавай не толькі для дэмакратычных сіл, але і для ўладаў. Таму не толькі для тых, каму святы гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, але і для прыхільнікаў цяперашняга дзяржаўнага сцяга гэты дзень павінен быць святам. Так што, як асабліва падкрэсліваюць арганізатары, акцыя будзе насіць выключна святочны, а не пратэстны характар.

У сваю чаргу, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец адзначае, што «пытанне незалежнасці з'яўляецца пытаннем жыцця і смерці кожнай дзяржавы», а таму адзначэнне стагоддзя незалежнасці «гэта, безумоўна, свята агульнанацыянальнае, у якім зацікаўленыя і грамадства, і ўлады, якімі б яны ні былі». Арганізатары разлічваюць на станоўчы адказ ад Менгарвыканкама на заяўлены фармат акцыі.

Рэакцыі афіцыйнага Менска няма

Пакуль жа, як кажа палітык, ніякай рэакцыі няма. Аргкамітэт у сваім звароце асабіста да мэра Менска Андрэю Шорца папрасіў дазволіць збор удзельнікаў акцыі 25 сакавіка а 14.00 на Плошчы Якуба Коласа, потым шэсце чатырма палосамі Праспекту Незалежнасці да Плошчы Свабоды, дзе павінен адбыцца мітынг-канцэрт. Севярынец і іншыя сябры аргкамітэту ўжо 4 разы спрабавалі дамагчыся сустрэчы з кіраўніком сталіцы, аднак безвынікова. Тым не менш, арганізатары цяпер праводзяць сустрэчы ў розных дзяржаўных установах і арганізацыях, каб атрымаць дазвол на заяўленую акцыю. Варыянт шэсця ў Парк Дружбы народаў у раёне Плошчы Бангалор, які ў народзе называюць месцам для выгулу сабак, імі нават не разглядаецца.

Намеснік старшыні Партыі Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч паведаміў, што аргкамітэты для святкавання 100-годдзя БНР створаныя ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, там будуць праведзеныя ўрачыстыя акцыі, канцэрты, а ў Гародні і Берасці таксама задуманы вулічныя бавенні. Са слоў выканаўчага старшыні аргкамітэту Міколы Купавы, сёлета 24 сакавіка, напярэдадні юбілею, плануецца правесці ўрачысты сход і канцэрт з удзелам вядомых людзей, замежных дыпламатаў, прадстаўнікоў Еўразвязу і АБСЕ, а таксама беларусаў замежжа. Святкаванні таксама пройдуць у Варшаве, Вільні і Кіеве.

БНР - нагода аб'яднацца

Павел Севярынец канстатуе, што юбілей БНР дазволіў аб'яднацца вакол гэтай даты большасці дэмакратычных сіл, што ўжо з'яўляецца неймаверным: «Тое, што 13 партый і арганізацый аб'ядналіся, выпрацавалі адзіную заяўку наконт фармату і маршруту - гэта ўжо цуд, якога не было гадоў 10-15».

Апошнія навіны