Лаўкостэр «Победа» скардзіцца на высокія тарыфы ў Менску
- 8.02.2018, 19:29
Расейская авіякампанія «Победа» зноў заяўляе, што ёй перашкаджаюць прыйсці ў Беларусь.
Расейскае выданне «Ведомості» паведамляе, што лаўкостэр звярнуўся да міністра транспарту Расеі - просіць спрыяць увядзенню роўных тарыфаў для беларускіх і расейскіх авіякампаній у аэрапортах дзвюх краін.
Авіякампанію «Победа» не задавальняюць тарыфы, якія ёй прапануе Нацыянальны аэрапорт «Мінск» на абслугоўванне рэйса Санкт-Пецярбург - Менск, піша выданне.
Нагадаем, беларуская старана ўзгадніла палёты на гэтым кірунку (і на кірунку Масква - Гомель) у канцы 2017 года. Меркавалася, што авіякампанія можа пачаць палёты з Санкт-Пецярбурга ў Менск з 25 сакавіка.
- Гаворка ідзе не пра завышаныя тарыфы адмыслова для «Перамогі», - тлумачыць прэс-служба расейскага лаўкостэра ў каментары TUT.BY. - Аэрапорт Менска абслугоўвае расейскія кампаніі паводле тарыфаў для нерэзідэнтаў (яны значна вышэйшыя, чым для ўнутраных кампаній). У гэты ж час беларускі перавознік абслугоўваецца ў расейскіх аэрапортах паводле зніжанага кошту - як для расейскіх кампаній. І «Победа» папрасіла Мінтранс паспрыяць у дасягненні парытэту.
У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» tut.by паведамілі:
- Тарыфы для «Победы» ў Менску такія ж, як і для іншых расейскіх авіякампаній: «Аэрафлот», «Ютэйр» і «Ямал». Тарыфы для расейскіх ды іншых замежных авіякампаній адрозніваюцца, для расейцаў дзейнічаюць больш ільготныя ўмовы.
У аэрапорце дадаюць, што тарыфы на абслугоўванне паветраных суднаў у аэрапорце адпавядаюць беларускаму заканадаўству.
У «Белавіі» не каментуюць, якія тарыфы выстаўляюцца для беларускага перавозніка ў расейскіх аэрапортах.