BE RU EN

Форвард «Мілана» набіў сабе тату на памяць пра Беларусь

Як італійскага футбаліста магло занесці ў нашу краіну?

Фабіё Барыні не з'яўляецца зоркай сусветнага маштабу, аднак ягоны клубны профіль уражвае. Да 26 гадоў італійскі паўабаронца паспеў пагуляць у «Чэлсі», «Роме» і «Лівэрпулі», а проста цяпер выступае за «Мілан». Гэты хлопец любіць не толькі футбол, але і тату, прычым робіць іх з сэнсам, піша «Трыбуна».

- Напрыклад, гаваркі цвыркун з казкі пра Пінокіё - я хачу заўсёды прыслухоўвацца да голасу розуму. Пітэр Пэн пад 29-м нумарам азначае, што я прыслухоўваюся да сябе і пільнуюся сваіх ідэй, - распавёў Барыні ў адным з інтэрв'ю.

Самая цікавая для нас наколка - гэта асабовае імя футбаліста, выбітае на целе Фабіё кірыліцай. Тату з'явілася дзякуючы асаблівым стусункам футбаліста з Беларуссю:

- Я маю сур'ёзную сувязь з Гомелем. Калі я быў падлеткам, мая сям'я прымала ў Італіі дзяцей з вёскі, размешчанай побач з гэтым горадам. Калі адбылася Чарнобыльская катастрофа, шмат радыяцыі выпала на тую тэрыторыю, - патлумачыў журналістам ураджэнец камуны Бэнтывольё, размешчанай непадалёк ад Адрыятычнага мора.

- Дзеці мелі патрэбу ў добрым паветры і медыцынскіх абследаваннях, каб пераканацца, што ўсё добра. Мы бралі дзяцей на адзін летні месяц у годзе, каб зрабіць усе гэтыя рэчы і паказаць Італію, - гэта таксама словы футбаліста. - Сваё імя на расейскай мове я набіў для таго, каб памятаць пра гэта.

У іншым інтэрв'ю Барыні распавёў, што ў ягоную сям'ю некалькі разоў прыязджаў беларускі хлопчык на імя Андрэй. Праз шмат гадоў таварышы сустрэліся ў Беларусі.

- Было вельмі выдатна. Ён стаў лекарам, як і марыў. Дзіва што - у футбол гуляў проста жахліва, - кажа Барыні.

Як італійскага футбаліста магло занесці ў Беларусь? Тут усё проста. Супрацьстаянне «Гомеля» з «Лівэрпулем» у сезоне-2012 дагэтуль згадваюць у нашай краіне. Барыні у тую пару быў у складзе «мэрсісайдцаў». Клуб Кубарава абодва разы саступіў ангельцам (0:1, 0:3), а Барыні ў абедзвюх сустрэчах выйшаў у старце.

Менавіта ў браму «Гомеля» Фабіё забіў першы гол за «Лівэрпуль».

- Яшчэ перад лёсаваннем я сказаў, што Гомель гуляе ў Лізе Еўропы і, магчыма, мы з ім сустрэнемся. Гэта было выпадковае прадказанне, - успамінаў яшчэ напярэдадні матчу Барыні.

Апошнія навіны