BE RU EN

Сямашка: НПЗ у студзені атрымалі страты

Падвышэнне коштаў бензіну становішча на нафтаперапрацоўчых заводах не выправіць.

У студзені абодва беларускіх нафтаперапрацоўчыя заводы - «Нафтан» і Мазырскі НПЗ - спрацавалі са стратамі. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на падагульняючай калегіі рады канцэрна «Белнафтахім».

Паводле звестак БелТА, «Нафтан» меў страту 25 млн даляраў, Мазырскі НПЗ - 12-13 млн даляраў. Нават падвышэнне з 8 лютага коштаў на аўтамабільнае паліва на 2 капейкі кардынальна сітуацыю для прадпрыемстваў не мяняе, мяркуе Сямашка.

«Мы не маем уласнай нафты ў такіх аб'ёмах, але ў нас кошт паліва істотна ніжэйшы, чым у Расеі», - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Паводле звестак «Белнафтахіма», раздробныя кошты маторнага паліва ў сумежных рэгіёнах Расеі вышэйшыя за беларускія для бензінаў на 12%, на дызельнае паліва - на 9%. Кошты на ўкраінскім рынку вышэйшыя на 48-63%, чым у Беларусі, на рынку краін Балтыі і Польшчы - вышэйшыя на 108-130% у залежнасці ад тыпу паліва.

Сямашка таксама падкрэсліў, што нягледзячы на ўсе складанасці і крызісы, трэба весці мадэрнізацыю НПЗ, таму што без яе немагчыма гаварыць аб канкурэнтаздольнасці нафтаперапрацоўчых вытворчасцяў.

Нагадаем, у пачатку студзеня намеснік старшыні «Белнафтахіма» Андрэй Рыбакоў распавёў, што толькі для таго каб кампенсаваць рост кошту нафты, трэба падняць кошты аўтазаправак на 23%. Канцэрн уважае за неабходнае як мінімум прывесці беларускія кошты аўтамабільнага паліва да парытэту з коштамі расейскага рынку, якія цяпер вышэйшыя на 7-11%. Усе магчымыя захады ўнутранага характару для скарачэння выдаткаў нашымі НПЗ ужо зробленыя.

Апошнія навіны