Снегапад ускладніў дарожную абстаноўку пад Менскам
- 8.02.2018, 17:02
Сіноптыкі прагназуюць ападкі і найбліжэйшымі днямі.
Снегапад, які сёння закрануў значную частку тэрыторыі Беларусі, паўплываў і на дарожную абстаноўку. Чытачы onliner.by паведамляюць аб ДТЗ, якія адбыліся на трасах пад Менскам, ёсць інфармацыя аб аварыях на МКАД. Кіроўцам трэба быць больш асцярожнымі і знізіць хуткасць. Сіноптыкі папярэджваюць, што ападкі чакаюцца практычна да канца тыдня.
Дарожная абстаноўка
Чытач распавёў аб ДТЗ, якое здарылася на трасе недалёка ад ракі Пціч. У кювеце апынуўся грузавы аўтамабіль з паўпрычэпам. Відавочна, фуру проста занесла на заснежанай дарозе. Пашанцавала, што прычэп не перакуліўся.
Наступствы аварыі на трасе Р1 (Менск - Дзяржынск - пад'езд да трасы М1), недалёка ад сталіцы, бачыў іншы наш чытач. Ён распавёў, што перавярнуўся легкавы аўтамабіль, у салоне знаходзіліся тры чалавекі: дзве жанчыны і маленькае дзіця.
- Усіх дасталі, ніхто не пацярпеў, - распавёў чытач. - Рухавік аўто прадаўжаў працаваць. Я змог яго заглушыць.
Некалькі ДТЗ здарылася на МКАД.
- На выездзе з вуліцы Кіжаватава на вонкавае кальцо МКАД сутыкнуліся аўтакран, «Газэль» і нейкі легкавік. Значныя пашкоджанні толькі ў «Газэлі» - пабіты перад і бампер, - распавёў карыстальнік нашага форуму з нікам spirit33.
А ля развязкі МКАД і вуліцы Ціміразева аўтамабіль з'ехаў у кювет. У ДАІ расказалі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца не справіўся з кіраваннем. У выніку ДТЗ ніхто не пацярпеў.
Прагноз надвор'я
У рэспубліканскім гідраметэацэнтры распавялі, што снегапад, які ссоўваецца па тэрыторыі Беларусі з поўдня на паўночны ўсход, нельга назваць моцным, але праз яго працягласць ён сапраўды мог паўплываць на сітуацыю - дарогі замяло.
- Ападкі слабеюць і сыходзяць на паўночны ўсход ад Менска. Надвор'е нармальнае для гэтай пары года, экстрэмальных з'яў не назіраецца. Справа ў тым, што цяпер над тэрыторыяй Расеі трывала завіс антыцыклон, а над Украінай - цыклон. І праз нашу краіну раз-пораз праходзяць атмасферныя франты, якія і прыносяць порцыі снегу, - растлумачылі сіноптыкі.
Ападкі прагназуюцца і найбліжэйшымі днямі. Снег магчымы і заўтра, і паслязаўтра, толькі ў нядзелю істотныя ападкаў малаймавверныя. Тэмпература камфортная: невялікі мароз - да -3 градусаў Цэльсія ў дзённыя гадзіны, уначы ледзь прахалодней - да -6 градусаў.