BE RU EN

Аляксандр Падшывалаў: Трэба перамагаць і выходзіць з групы Кубка ЕГФ

Капітан менскага гандбольнага клуба мяркуе, што недахопы можна кампенсаваць байцоўскімі якасцямі і жаданнем.

Капітан менскага СКА Аляксандр Падшывалаў распавёў ska-minsk.by пра задачы на групавы раунд Кубка ЕГФ.

- Як адбілася на настроі каманды нядаўняя параза ад БГК ім. Мяшкова?

- Вельмі крыўдна, што мы саступілі ў двух папярэдніх матчах. Але мы саступаем праз уласныя памылкі. Дапускаем памылкі ў сітуацыях, у якіх няма нічога складанага. Аднак бачым, што ёсць рэзерв для ўзмацнення гульні. Мы ўпэўненыя ў сваіх сілах і разумеем, над чым трэба працаваць. Бо паміж дзвюма гульнямі з берасцейцамі быў вялікі перапынак на чэмпіянат Еўропы. І нядаўняя была горшай у плане арганізацыі, каманда даўно не гуляла разам, згубіліся нейкія сувязі. Так што ёсць дзе дадаваць, з Берасцем мы яшчэ пазмагаемся.

- Выступ на чэмпіянаце Еўропы дадаў упэўненасці? Якой, калі насупраць цябе Карабаціч?

- Вельмі спакойна да гэтага стаўлюся. Не ўзношу тых, супраць каго гуляю. Разумею, што гэта вельмі моцныя гандбалісты, але дакладна іх не баюся. Упэўнены ў сабе. Іншае пытанне, ці здолеем рэалізаваць у матчах усё задуманае.

- Якія задачы стаяць перад камандай у Кубку ЕГФ?

- Жорсткіх задач няма. Але нас падводзяць да таго, што трэба перамагаць і выходзіць з групы. Можа, мы не фаварыты, але нейкія недахопы можна кампенсаваць байцоўскімі якасцямі і жаданнем. Гэтага ў нас хоць адбаўляй. А яшчэ мы добра выступаем дома. Думаю, ніводнаму спаборніку не будзе лёгка ва Уруччы.

Апошнія навіны