BE RU EN

Міліцыянту, які збіў на ходніках у Глуску падлеткаў, выставілі абвінавачванне

У крыві 22-гадовага міліцыянта выявілі 1,5 праміле алкаголю.

Міліцыянту, які п'яным сеў за стырно і збіў дваіх падлеткаў на ходніках у Глуску, выставілі абвінавачванне. Пра гэта tut.by паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

- УСК Магілёўскай вобласці распачатая і расследуецца крымінальная справа аб ДТЗ 4 лютага ў Глуску, у выніку якога прычыненыя цялесныя пашкоджанні двум падлеткам.

Са слоў Ганчаровай, пасля ДТЗ кіроўца быў дастаўлены на медагляд: у крыві мужчыны выяўлена 1,5 праміле алкаголю.

Падазраванаму выстаўленае абвінавачанне ў парушэнні ПДР асобай, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Афіцыйна МУС дагэтуль не пацвердзіла і не зняпраўдзіла інфармацыю аб тым, што абвінавачаны ў момант учынення злачынства быў дзейным супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

22-гадовы кіроўца Audi быў п'яны, калі ў ноч на 4 лютага збіў двух 17-гадовых пешаходаў. Яны ішлі па ходніках на скрыжаванні вуліц Кірава і Гастэлы. Міліцыянт не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху, а затым на тратуар.

Падлеткаў з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізавалі.

Апошнія навіны