У Беларусі чарговы наплыў нядобрасумленных гандляроў
- 8.02.2018, 15:29
Як не трапіцца на вуду аферыстаў.
Чытачы паведамілі, што 7 лютага ў Лунінцы бачылі адразу некалькі аўто, кіроўцы якіх прадавалі рэчы завоблачнымі коштамі. Іх ахвяры, як і раней, пенсіянеры.
У рэдакцыю «Медыя-Палесся» патэлефанаваў жыхар райцэнтра і распавёў гісторыю, якая адбылася днём раней з ягоным бацькам.
Бацька мужчыны выйшаў з 6-й крамы і накіраваўся вуліцай Чыгуначнай дадому. Раптам да яго пад'ехаў цёмны аўтамабіль і спыніўся насупраць яго. Кіроўца - хлопец каўказскай нацыянальнасці - выйшаў, прапанаваў набыць бензапілу.
- Я не ведаю, што яны такое кажуць, што людзі так проста згаджаюцца на пакупкі, - кажа жыхар Лунінца.
Са слоў бацькі, незнаёмы прасіў за бензапілу 50 рублёў.
Бацька пагадзіўся...Пенсіянер сеў у аўто да прадаўца, той падвёз яго да дома, нібыта па грошы.
78-гадоваму чалавеку незнаёмец распавёў вядомую многім казку: з таварам яго не прапусцяць праз мяжу, усё канфіскуюць, таму і танна прадае.
Пенсіянер паверыў...
Са слоў мужчыны, які звярнуўся ў рэдакцыю, бацька настолькі імпульсіўна здзяйсняў гэтыя пакупкі, што нават не сказаў нічога сваёй жонцы, толькі тэрмінова папрасіў прыгатаваць грошы - 500 беларускіх рублёў і 100 даляраў ЗША. За час у шляху мужчыну ўгаварылі набыць яшчэ і балгарку, а таксама дрыль...
У выніку за свае набыткі жыхар Лунінца сталага веку заплаціў агулам блізу 700 рублёў.
- Гэтая бензапіла рассыплецца пасля першых жа 10 хвілін працы, - наракае на якасць прададзенага тавару сын пенсіянера. У момант пакупак ён быў як раз на працы, толькі ўвечары пабачыў набыткі бацькі.
У выніку пенсіянеры засталіся без грошай з сумнеўнай якасці таварам на руках.
- Адразу пасля ад'езду незнаёмца пенсіянер апамятаўся. Але было ўжо позна.
Сын спрабаваў звяртацца ў міліцыю, але праваахоўнікі разводзяць рукамі...
Відавочцы распавядаюць, што іншы аўтамабіль, ужо серабрысты (з нумарамі сталічнага рэгіёна), у гэты ж дзень калясіў па Залессі і таксама прапаноўваў тавар, распавядаючы гісторыю пра канфіскацыю на мяжы.
Такія выпадкі - не рэдкасць у Лунінецкім раёне. Пра аднаго з іх журналісты пісалі ў снежні. Бабулі з Сасноўкі прадалі рондалі, відэльцы, адвёрткі і зварку за 1600 рублёў. Сярод прадаўцоў была цяжарная жанчына, якой «па збегу абставін» стала дрэнна проста падчас продажу тавару, да таго ж пара спяшалася на самалёт, а тавар забраць з сабой не магла.
Літаральна за тыдзень да гэтага паведамлялася, як незнаёмцы настойліва тэлефанавалі на хатні тэлефон і прапаноўвалі адрэгуляваць вокны ў доме пенсіянераў, у выніку «накруцілі» на 335 рублёў.
«Ваконшчыкі» заязджалі ў Лунінец і да гэтага выпадку, неаднаразова былі яшчэ і цуд-фільтры для вады, і пасцельная бялізна, і іншыя тавары завоблачнымі коштамі. На жаль, нядобрасумленныя прадаўцы з кожным днём знаходзяць новыя хітрыкі, каб такім спосабам зарабіць на людзях сталага веку, і не вядома, што яны прапануюць набыць старым заўтра.
У які раз начальнік штаба Лунінецкага РАУС Аляксандр Вярэніч адзначае, што з пункту гледжання міліцыі, крыміналу тут няма. Ёсць грамадзянска-прававыя дачыненні. Працэс давядзення, што гэты тавар не каштуе такіх грошай, дастаткова складаны, патрэбныя адпаведныя таваразнаўчай экспэртызы...Гэта пытанне маралі тых, хто здзяйсняе такія ўчынкі, і пытанне даверлівасці нашых састарэлых грамадзян. Такая хваля нядобрасумленнага гандлю цяпер назіраецца ў некалькіх кірунках, адзін з іх - гандаль праз сетку Інтэрнэт, у тым ліку праз выкарыстанне сацыяльных сетак. Таксама такія прадаўцы пайшлі працаваць у сельскай мясцовасці. Што можна зрабіць? Чарговым разам папярэдзіць сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў не быць даверлівымі, не прымаць паспешных пастаноў, не набываць тавар у невядомых ці не пагаджацца на пэўныя паслугі.