BE RU EN

Дырэктарка крамы: Цяпер попыт на «крывянку», лівер і сальцісон

Пакупнікі, са слоў працаўнікоў гандлю, у першую чаргу звяртаюць увагу на больш танныя прадукты.

Харчовыя крамы - гэта своеасаблівы зрэз, адлюстраванне жыцця грамадства. Пра тое, як сёння жывуць харчовыя крамы, якія прадукты карыстаюцца попытам у жыхароў Баранавічаў і як змяніліся пакупнікі за апошнія гады, intex-press.by распавялі кіраўнікі баранавіцкіх харчовых крамаў.

Загадчык сеткавай крамай у цэнтры горада: «Скандалы нават праз адну капейку»

- Сярэдні чэк за год у нас змяніўся не моцна, сума ў ім вырасла ўсяго на рубель - з 7 да 8 рублёў. Але прыкметна зменшылася тавараабарачэнне. Наша крама працуе крыху больш за пяць гадоў. Кошты прадуктаў з тых часоў выраслі больш чым удвая. А прыбытак застаўся на ранейшым узроўні.

Попытам карыстаюцца толькі тавары штодзённага спажывання: малако, хлеб, смятана, прычым пакупнікі імкнуцца абраць тлустасць меншую, каб танней было.

Хлеб набываюць боханам, без пакавання, хоць раней бралі толькі наразны. Садавіну ці гародніну бяруць выключна па акцыях. Каўбасныя вырабы наогул выбіраюць самыя танныя: попыт цяпер на «крывянку», «ліверку» і сальцісон. Некаторыя гатункі каўбас і вэнджанага мяса заказваем усяго па кілаграму, але нават гэта не раскупляецца.

Практычна не бяруць рыбу. Часам нават курыныя кумпячкі залежваецца на вітрынах, хоць заўсёды былі ў ліку хадавых тавараў.

Прысмакі дзецям набываюць, але альбо выбіраюць з нядорага асартыменту, альбо акцыі шукаюць. Калі ружовы зефір каштуе ўсяго на 10 капеек танней, чым ванільны, то мала хто пакладзе сабе ў кошык ванільны, нават калі гэта ягоны ўлюбёны гатунак.

Пакупнікі сталі вельмі нервовымі. Раней жанчыны былі гатовыя сварыцца праз кожную дробязь, а цяпер па дробязях «выбухаюць» мужчыны. Бывае, касір не можа даць чалавеку рэшту: дробязі недастаткова, дык скандаляць нават з-за адной капейкі.

Загадчык сеткавай крамай ва Усходнім мікрараёне: «Перш чым выйсці ў залу, здымаю ўсе свае ўпрыгажэнні»

- У нас немалады раён, часцей за ўсё на закупы прыходзяць пенсіянеры. Па іх адразу відаць, хто сёння атрымаў заробак. У гэтыя дні звычайна і сярэдні чэк павялічваецца да 10-12 рублёў.

Цяпер людзі жывуць на акцыйных таварах, ходзяць па крамах і шукаюць менавіта зніжкі: у адной каву набылі, у другой локшыну, у трэцяй мяса або рыбу. Некаторыя нават спецыяльна па выхадных аб'язджаюць некалькі крамаў.

Часцей за ўсё ў кошыках - малако, хлеб, тварог. Дарэчы, дзяцей стараюцца не абдзяляць: печыва, цукеркі, дзіцячае харчаванне, выпечку пакупнікі бяруць ахвотна. А вось цацкі, наадварот, наогул не набываюць. А раней бралі часта: прыйшоў чалавек па смятану, заадно і машынку ці ляльку ў кошык паклаў. Цяпер - толькі калі перад Новым годам.

Пакупнікі змяніліся. Цяпер працаваць, як ніколі, складана. Людзі злыя, агрэсіўныя. Самая невыносная катэгорыя - пенсіянеры. Амаль усім ім здаецца, што прадаўцы нажываюцца на іх. Застаецца толькі здагадвацца, што яны думаюць пра загадчыкаў альбо дырэктараў. Таму, перш чым выйсці ў залу, я заўсёды здымаю ўсе ўпрыгажэнні.

Яшчэ адна праблемная катэгорыя - пакупнікі да 25 гадоў. Без канца казыраюць сваімі правамі: найменшы канфлікт - дастаюць тэлефоны і пачынаюць запісваць. Нядаўна быў выпадак. Кампанія хлопцаў набыла цэлае пакаванне піва: шэсць бутэлек па два літры. Раніцай двое з іх вярнуліся ў краму і запатрабавалі вярнуць грошы. Сказалі, што іх сябар гэтым півам атруціўся. Вядома, ніхто ім грошы не вярнуў.

Нават калі пакупнікі вінаватыя самі, яны ўсё адно трэплюць нервы касірам ці мне.

Апошнія навіны