BE RU EN

У Кішынёве паставілі помнік Скарыну – работы Гэніка Лойкі

  • 8.02.2018, 12:46

Адкрыццё - праз год.

У скверы насупраць будынка амбасады Беларусі ў Кішынёве пачаўся мантаж помніка-бюста беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Аўтар - менскі скульптар Гэнік Лойка, паведамляе «Радыё Свабода».

Скульптура была прынятая экспэртнай радай у кастрычніку мінулага года, аднак праз брак сродкаў яе ўстаноўка ў малдаўскай сталіцы зацягнулася.

Гэнік Лойка прызнаўся, што на ўзгадненне ні яго, ні архітэктара праекта не запрасілі. Да пастамену пакуль не прымацавалі шыльду.

Гэнік Лойка

У ліпені 2017 года Лойка быў абвешчаны пераможцам конкурсу эскізных праектаў на бюст Францішка Скарыны ў Кішынёве - ягоную заяўку прафесійнае журы прызнала найлепшай з дзясятка. Згодна з патрабаваннямі, кампазіцыйнае і пластычнае выкананне павінна быць рэалізаванае «ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва».

Спачатку на помнік з улікам матэрыялу меркавалася выдаткаваць не больш за 150 тысяч рублёў. Аднак у працэсе суму паменшылі ў 10 разоў. Прычым канчатковую лічбу назвалі ўжо пасля таго, як Лойку прысудзілі перамогу ў конкурсе. Скульптар кажа, што збольшага задаволены працай, за выключэннем некаторых нюансаў.

Па-першае, спачатку «замахнуўся» на манументальны твор вышынёй тры метры. Аднак у выніку помнік атрымаўся ў рост чалавека.

Па-другое, паразай закончылася барацьба за напісанне імя Скарыны. Згодна з умовамі конкурсу, як сцвярджаюць арганізатары, на помніку павінен значыцца «Францыск», Лойка ж намагаў на варыянце «Францішак».

Па экспэртную дапамогу Лойка звярнуўся ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. У адказе за подпісам дырэктара ўстановы Ігара Капылова гаворыцца, што ў сучаснай беларускай мове варыянты «Францыск» і «Францішак» раўназначныя, таму пастанова пытання іх прыярытэтнасці знаходзіцца ў кампетэнцыі аўтараў мастацкіх, інфармацыйных, даведачных і іншых тэкстаў.

Адкрыццё помніка - у 2019-м

Арганізацыяй конкурсу праектаў і вырабам скарынаўскага помніка-бюста для Кішынёва займалася Міністэрства культуры Беларусі. Там паведамілі, што афіцыйнае адкрыццё скульптуры з ініцыятывы малдаўскага боку перанесеная на 2019 год. Аднак прычыны такой адтэрміноўкі не ўдакладняюцца.

Апошнія навіны