Леанід Судаленка: Калі паміж намі нешта і было, то з узаемнай згоды
- 8.02.2018, 11:36
Паводле «справы прафзвязаў» пачалі цікавіцца прававым інспектарам Леанідам Судаленкам.
Новая асаблівасць з'явілася ў следчых дзеяннях паводле «Справы прафзвязаў»: на допытах сталі цікавіцца не толькі арганізацыяй, але і прававым інспектарам Леанідам Судаленкам.
Пра гэта сайту praca-by.info распавёў сам прафзвязны юрыст:
- Сёння ад былой працаўніцы Добрушскага райпо, якую я чатыры гады таму абараняў у судзе ў сувязі з нястачай, стала вядома аб выкліку яе на допыт да следчага. Са слоў Наталлі Івановай, следчы хоча пагутарыць не толькі пра сам РЭП, але і пра мяне, як пра прававога інспектара Судаленку. Следчы цікавіцца не толькі ўнёскамі, якія яна пералічвала ў прафзвяз, але ці плаціла працаўніца грошы за юрыдычныя паслугі асабіста мне. Я рэкамендаваў жанчыне ў размове са следчым назваць свае анкетныя звесткі і далей, на падставе 27 артыкула Канстытуцыі наогул адмовіцца ад якіх-небудзь тлумачэнняў, у тым ліку і пра нашыя з ёй стасункі.
Леанід Судаленка растлумачыў, што права не сведчыць супраць сябе і сваіх сямейнікаў цалкам абараняе тых, каго выклікаюць на допыты паводле «Справы прафзвязаў»:
- Я нават жартам параіў Івановай заявіць на допыце, калі будзе пытанне пра стасункі з Судаленкам: «Калі паміж намі нешта і было, то было толькі з узаемнай згоды».
Прафзвязны юрыст пакуль не можа растлумачыць з'яўленне яго прозвішча ў пераліку пытанняў следчага:
- Складваецца ўстойлівае ўражанне, што следства выкарыстоўвае крымінальную справу супраць прафзвязу для запалохвання шараговых сябраў. Новае ў гэтым - тое, што спрабуюць знайсці кампрамат не толькі на Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік, але і на мяне як на прававога інспектара. Праз адсутнасць дадатковай інфармацыі я пакуль пакідаю гэта без каментароў.