Канстанцін Скуратовіч: Дэкларацыі БНР аб незалежнасці перайшлі да нас для выканання
- 8.02.2018, 10:21
Важныя акцэнты напярэдадні святкавання 100-гадовага юбілею.
Беларусы рыхтуюцца да святкавання 100-годдзя БНР. Заяўку на правядзенне святочнай акцыі падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт для святкавання юбілею.
«Зразумела, што ўлады не збіраюцца адзначаць гэты слаўны юбілей на дзяржаўным узроўні, хаця б таму, што без помпы адзначаўся юбілей Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі, якая так шмат абяцала народам свету і беларусам, але ў выніку памножыла беды чалавецтва, выклікала сусветны смутак, і, на шчасце, не прывяла да перамогі камунізму», - піша для выдання «Белрынак» журналіст Канстанцін Скуратовіч.
«У свеце дагэтуль абмяркоўваюць пытанне, ці быў Ленін нямецкім шпіёнам? Напраўду ён быў рэвалюцыйным дагматыкам, у якому не было цяжкасцяў з выбарам сродкаў для дасягнення мэты. Так, яшчэ ў ліпені 1915 года Ленін апублікаваў артыкул «Пра паразу свайго ўрада ў імперыялістычнай вайне», дзе сцвярджаў, што «рэвалюцыйны клас у рэакцыйнай вайне не можа не жадаць паразы свайму ўраду. Гэта — аксіёма. І аспрэчваюць яе толькі свядомыя прыхільнікі або бездапаможныя прыслужнікі сацыял-шавіністаў». Прайшло два з паловай гады і бальшавікі, замяніўшы на палітычнай сцэне тых, хто саступіў, падпісваюць сепаратны мір з немцамі. За ім пачынаецца грамадзянская вайна.
Зусім не выпадкова сярод усіх еўрапейскіх сацыялістаў, уключаючы радыкалаў, толькі Ільіч змог прыдумаць здрадлівы ва ўсіх сэнсах палітычны ход. Мала таго, ён усё зрабіў для набліжэння паразы, разбураючы, перш за ўсё, самое войска. На гэтыя мэты ён браў грошы ў кожнага, хто даваў, а калі не давалі, звяртаўся да экспрапрыяцыі і паслуг фінансавых махінатараў. Дзеля сусветнай рэвалюцыі Ленін мог пайсці на супрацоўніцтва з д'яблам. Таму цалкам мог прыняць грошы і ад нямецкага генеральнага штаба. Айчыны для яго не існавала, Расеяй і «мужыком» ён пагарджаў, а за узор сацыяльнай арганізацыі ўважаў Прусію. Вось толькі б там савецкую ўладу ўстанавіць», - адзначае журналіст.
«Дагэтуль Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая на дзяржаўным узроўні ніяк не адзначае дату незалежнасці ад імперскай метраполіі ў выніку вайсковай паразы Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны і Расеі, якая ваявала з агрэсарам, але была намаганнямі бальшавікоў пазбаўленая статусу краіны-пераможцы.
Затое набылі незалежнасць і дзяржаўнасць краіны, якія не ваявалі, прынамсі, на баку Антанты. Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Чэхія, і Славакія. Сербія, якая была распляжаная ў сумленнай барацьбе, была пасля вайны ўзнагароджаная хаўруснікамі. Украіна, у якой, як і ў Беларусі, рух за дзяржаўны суверэнітэт быў задушаны бальшавікамі, таксама вядзе летазлічэнне сваёй дзяржаўнасці з моманту ўтварэння Украінскай Народнай Рэспублікі. Карацей, усе, акрамя Беларусі, аддаюць належнае людзям, якія, скарыстаўшыся выкліканай вайной і ўзмоцненай рэвалюцыямі немаччу трох «жандараў Еўропы» — Расеі, Нямеччыны, Аўстрыі — і заклалі першыя камяні ў падмурак сучаснай дзяржаўнасці сваіх краін.
Выклікаюць захапленне маладыя ўкраінскія дзеячы, людзі энэргічныя, патрыятычныя, адукаваныя, зусім не прафесійныя дыпламаты, якія змаглі паставіць пытанне аб дзяржаўнасці сваёй краіны перад Нямеччынай і Аўстрыяй, прымусіць да станоўчага адказу на гэтае пытанне бальшавіцкую Расею. А кошт пытання? На трэцім годзе вайны выявілася, што перад Аўстрыяй паўстала пагроза распаду, а Нямеччына з вычарпанымі рэсурсамі была няздольная дзейсна дапамагчы. Эканамічна, перш за ўсё. Як гэта ні банальна, хлебам. Украінцы абяцалі паставіць Аўстрыі 1 млн тон хлеба, і пад гэта абяцанне іх дэлегацыя была дапушчаная да ўдзелу ў мірных перамовах у Берасці. У выніку 27 студзеня (9 лютага) 1918 года паміж Украінскай Народнай Рэспублікай і Цэнтральнымі дзяржавамі быў падпісаны сепаратны Brotfrieden («хлебны мір»), які прызнаваў суверэнітэт УНР. У абмен на гэта УНР абавязалася не ўступаць у звязы, накіраваныя супраць Цэнтральных дзяржаў, і пастаўляць Цэнтральным дзяржавам прадукты харчавання і сыравіну.
Дарэчы, абяцанага хлеба гаранты ўкраінскай дзяржаўнасці ад украінцаў не атрымалі.
На жаль, БНР не была такой багатай, як яе паўднёвая суседка. Нават у абяцаннях.
Што было далей, многія ведаюць, але неахвотна пра гэта кажуць. Гісторыя першай сучаснай беларускай дзяржавы была кароткай і трагічнай, яе значэнне было для беларускага народа велізарным — будучыя пакаленні беларусаў атрымалі форму, якую ў зручны момант можна было напоўніць суверэнным зместам.
Ці ад гэтай спадчыны варта адмаўляцца беларусам? Не. Бо ўжо ў прэамбуле дзейнай Канстытуцыі Беларусі ўтрымліваюцца прынцыпы дзяржаўнага кіравання народам, якія абвяшчаліся яшчэ ў БНР. Тут і права народа на самавызначэнне і паўнапраўны ўдзел у сусветнай супольнасці, прыхільнасць да правоў і свабод грамадзян, і непарушнае зацвярджэнне народаўладдзя і прававой дзяржавы. Ці трэба казаць, што створаная як палітычны і сацыяльны антаганіст БНР – БССР – была інструментам класа, а не грамадства, не прэтэндавала на ролю паўнапраўнага суб'екта сусветнай супольнасці, адмовілася ад права народа на самавызначэнне, ніколі не імкнулася да сцвярджэнні правоў і свабод кожнага грамадзяніна.
Калі б гэта было не так, то не было б неабходнасці ў адмове ад савецкай канстытуцыі. Новая Канстытуцыя РБ прымалася з улікам тых дэкларацый, якія прымаліся БНР, якія, на жаль, не былі рэалізаваныя.
А цяпер перайшлі да нас для выканання. Бо ўмовы для гэтага пакуль ёсць», - робіць выснову журналіст.